мэ́бельшчык, ‑а, м.
Майстар, які робіць мэблю.
мэ́блевы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мэблі; звязаны з вырабам або продажам мэблі. Мэблевая прамысловасць. Мэблевы магазін.
мэбліро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. мэбляваць.
2. зб. Мэбля, абстаноўка памяшкання. Калі інжынер вайшоў у каюту, ён здзівіўся пышнай і багатай мэбліроўцы. Гамолка.
мэбліро́ўшчык, ‑а, м.
Той, хто займаецца мэбліроўкай (кватэры, пакояў).
мэ́бля, ‑і, ж., зб.
Прадметы абстаноўкі памяшкання. Два сталы, пісьмовы і звычайны,.. ды некалькі крэслаў складалі ўсю мэблю і абстаноўку канторы. Колас. Выходзячы, Міша не стрымаўся і заглянуў праз прыадчыненыя дзверы ў цесна застаўлены мэбляй пакой. Карпюк.
•••
Мяккая мэбля — мэбля, у якой тыя часткі, што прызначаны для сядзення або ляжання, зроблены на спружынах або набіты чым‑н. мяккім.
[Фр. meuble.]
мэблява́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад мэбляваць.
2. у знач. прым. З мэбляй, з абстаноўкай. Мэбляваны пакой. Мэбляваная кватэра.
мэблява́цца, ‑люецца; незак.
Зал. да мэбляваць.
мэблява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак. і незак., што.
Абставіць (абстаўляць) памяшканне мэбляй.