Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мэ́та, ‑ы, ДМ мэце, ж.

Тое, да чаго імкнуцца, чаго жадаюць дасягнуць. Мэта ўрока. Дасягнуць мэты. □ Міналі дні, ішлі гады. Ішлі і мы да нашай мэты. Бялевіч. [Свірын:] — Мэта ў нас з вамі адна — спакойна жыць, добра вучыцца і мірна працаваць. Пальчэўскі. // Пэўны намер, пастаўленая задача. Хацелася проста так, без мэты, паблукаць па вуліцы, паглядзець на людзей, на вітрыны, на рух машын. Карпаў. Ішла.. група з ранейшай мэтай — падбіраць для справы людзей у вёсках. Новікаў. // Загадзя намечаны пункт, мяжа. Тым самым тыднем, а можа, наколькі дзён раней, .. стары Нявада падышоў да мэты свайго доўгага падарожжа. Чорны.

•••

З мэтай чаго — для таго каб.

мэ́тавы, ‑ая, ‑ае.

Накіраваны на дасягненне якой‑н. мэты. Мэтавае заданне. Мэтавая ўстаноўка. // Прызначаны для пэўнай мэты. Мэтавае фінансаванне.

мэтазго́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мэтазгоднага. [Анатоль:] — Вуду шчыры: мэтазгоднасць такога кроку прадыктавана яшчэ і складанасцю абставін. Ваданосаў.

мэтазго́дны, ‑ая, ‑ае.

Які адпавядае вызначанай мэце, разумны, карысны. Кожная група падпальшчыкаў выходзіла на свой участак, брала на прыцэл свае аб’екты. Такая тактыка была найбольш мэтазгоднай і эфектыўнай. Няхай.

мэтаімклі́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць мэтаімклівага.

мэтаімклі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які імкнецца да пэўнай мэты. Заўсёды дапытлівы і мэтаімклівы, Максім Багдановіч прайшоў плённы шлях развіцця і творчых шуканняў. Майхровіч.

мэтанакірава́насць, ‑і, ж.

Імкненне да пэўнай мэты, падпарадкаванасць (дзеянняў, думак і г. д.) якой‑н. мэце. Ідэйная мэтанакіраванасць. Мэтанакіраванасць у працы. □ Бадай ва ўсім, што сустракаў Яўген — ад лозунгаў да сатырычных лісткоў, ён улоўліваў разумную мэтанакіраванасць. Карпаў.

мэтанакірава́ны, ‑ая, ‑ае.

Які вызначаецца мэтанакіраванасцю. За дваццаць год, якія правёў.. [Багушэвіч] далёка ад радзімы, яго грамадзянскія ідэалы не толькі не развеяліся, а набылі больш акрэслены і мэтанакіраваны характар. С. Александровіч.

мэ́тлахі, ‑аў; адз. няма.

Разм.

1. Шматкі. Толькі цяпер.. [Слава] заўважыў у руках сястрычкі падраную на мэтлахі сукенку лялькі. Шыловіч.

2. Пагард. Пажыткі, манаткі. Прадаў стары Шымкевіч усе мэтлахі, сабраў сям’ю і рушыў на ўсход. Чарнышэвіч.

мэтр, ‑а, м.

Уст. Настаўнік; майстар у якой‑н. галіне.

[Фр. maître.]