Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мядзве́джы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мядзведзя, належыць яму. Мядзведжы след. // Зроблены, прыгатаваны са скуры або з мяса мядзведзя. Мядзведжае футра. Мядзведжая каўбаса.

2. перан. Такі, як у мядзведзя. Мядзведжая паходка.

•••

Мядзведжая паслуга гл. паслуга.

Мядзведжы кут (куток) гл. кут.

мядзве́дзевыя, ‑ых.

Сямейства драпежных млекакормячых, да якога адносяцца розныя віды мядзведзяў.

мядзве́дзіна, ‑ы, ж.

Мяса мядзведзя.

мядзве́дзіха, ‑і, ДМ ‑дзісе, ж.

Разм. Тое, што і мядзведзіца.

мядзве́дзіца, ‑ы, ж.

Самка мядзведзя.

•••

Вялікая Мядзведзіца; Малая Мядзведзіца — сузор’і Паўночнага паўшар’я, кожнае з якіх складаецца з сямі зорак і мае форму каўша.

мядзве́дзь, ‑я, м.

1. Вялікая драпежная млекакормячая жывёліна з густой поўсцю і тоўстымі нагамі. Буры мядзведзь. Белы мядзведзь. Пячорны мядзведзь.

2. перан. Пра няўклюднага, непаваротлівага дужага чалавека. «Ну і мядзведзь, — думаў Сярмяжка, пазіраючы, як павольна клыпае.. [Яцкевіч]. — Нічога, мы цябе прыручым». Дадзіёмаў.

•••

Дзяліць шкуру незабітага мядзведзя гл. дзяліць.

Мядзведзь на вуха наступіў — аб адсутнасці музыкальнага слыху, здольнасцей да музыкі.

Мядзведзь у лесе здох — тое, што і воўк у лесе (за гарою) здох (гл. воўк).

мядзве́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

Насякомае з тоўстым целам, пакрытым кароткімі мяккімі галаскамі, якое жыве ў зямлі і з’яўляецца шкоднікам сельскагаспадарчых культур.

мядзве́днік, ‑а, м.

1. Паляўнічы на мядзведзяў.

2. Павадыр прыручанага дрэсіраванага мядзведзя.

3. Памяшканне для мядзведзяў у звярынцы або заалагічным садзе.

мядзя́к,

гл. медзякі.

мядзя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Неядавітая змяя бурага або шэрага колеру.

2. Зялёная фарба, прыгатаваная з воцатнамеднай солі.