Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мя́та, ‑ы, ДМ мяце, ж.

Травяністая расліна сямейства губакветных з моцным пахам, якая выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі і кандытарскай справе. У агародчыку перад кожным домам раслі вяргіні, ружы, бэз, мята. Мурашка. Моцна пахла лугавая мята. Самуйлёнак.

мятла́, ‑ы; мн. мётлы, ‑аў, ж.

Пучок звязаных галінак без лісцяў, звычайна насаджаных на палку, які служыць для падмятання. Дворнік адвярнуўся і пачаў заўзята шоргаць мятлою па тратуары. Якімовіч.

•••

Гнаць мятлою гл. гнаць.

Пад мятлу — начыста, без астатку.

Сядзець як мыш пад мятлою гл. сядзець.

мятла́хскі, ‑ая, ‑ае.

У выразе: мятлахская плітка гл. плітка.

[Ад геагр. назвы.]

мя́тлік, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Тое, што і метлюжок. Раса была і на доўгім кавылі, на пушыстым мятліку, на пунсовых чашачках макаў. Даніленка.

2. ‑а. Абл. Матылёк. На сіні званочак за дарогай сеў мятлік — карычневы, з белымі кропкамі на крыльцах. Савіцкі.

мятлі́сты, ‑ая, ‑ае.

Такі, як мяцёлка, пышны. Зусім не відаць Агаткі: вусаты ячмень з аднаго боку, з другога — мятлісты авёс. Колас.

мятлі́ца, ‑ы, ж.

Шматгадовая расліна сямейства злакавых з суквеццем у выглядзе мяцёлкі. Злева, зарослы сівай мятліцай, зялёным лопухам з калючымі шышкамі, ляжаў земляны вал старажытнай крэпасці. Грамовіч. Зарадзіла мятліца — хлебу палавіца. Прыказка.

мятлі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мятліцы. Руневіч выплюнуў мятлічную саломінку, якую ўсё жаваў, паглядзеў на Крушыну. Брыль.

мятлі́шча, ‑а, н.

Палка, на якую насаджваецца мяцёлка, дзяржанне мятлы. [Банадысь] нешта яшчэ кешкаўся на таку, стукаў мятлішчам па чымсьці драўляным. Чорны.

мятлю́г, метлюгу, м.

Тое, што і мятліца. Мігаціць.. [луг] краскамі, залаціцца паспяваючым метлюгом і вабіць да сябе. Нікановіч.

мятну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Абл. Кінуцца куды‑н., у нейкім напрамку. З двара мятнуліся ў вуліцу гурбою дзеці, пабеглі на старастаў двор. Галавач. Напружыўшы ўсе сілы, Юткевіч матнуўся на сярэдзіну вуліцы і пабег... Мікуліч.