Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мя́ла, ‑а, н.

1. Драўляны таўкач, якім таўкуць бульбу, труць мак і г. д.

2. перан. Разм. Аб непаваротлівым, няспрытным чалавеку.

•••

Ні ў кола ні ў мяла гл. кола.

мя́лаваты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Непаваротлівы, няспрытны; нязграбны.

мяле́ць, ‑ее; незак.

Рабіцца мелкім, неглыбокім (пра вадаёмы). Рэчка мялела з кожным годам, на вачах у людзей. Шамякін. Улетку вада выпараецца, азярцо мялее, зарастае аерам і трыснягом. Рунец.

мя́ліца,

Абл.

1. Церніца. З трухой гнала шэрую, пажваканую, што ў мяліцы, выпетраную на Падбалоцці папараць. Пташнікаў.

2. перан. жарт. Рот. Разявіць сваю мяліцу.

мя́лка, ‑і, ДМ ‑яды; Р мн. ‑лак; ж.

1. Машына для размінання якой‑н. сыравіны (шкуры, гліны і г. д.) з мэтай далейшай апрацоўкі.

2. Церніца. Ад ранку да вечара бадзёра стукалі ў пунях і пад павецямі старажытныя драўляныя мялкі. Шашкоў.

мялько́м, прысл.

Тое, што і мелькам. Пачуўшы стук у шыбіну, стары адклаў газету ўбок, глянуў мяльком праз акно і пайшоў адчыняць дзверы. Паслядовіч. Шнітава я бачыў усяго адзін раз і то мяльком, ён рэдка бывае ў канторы. Хадкевіч.

мя́льня, ‑і, ж.

Памяшканне, дзе мнуць (лён, каноплі і пад.).

мя́льца, ‑а, н.

Памянш. да мяла (у 1 знач.); невялікае мяла.

мяльчэ́й,

Выш. ст. да прысл. мелка.

мяльчэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. мелкі.