мяце́ж, мяцяжу, м.
Стыхійнае ўзброенае паўстанне. Народны мяцеж. Салдацкі мяцеж. // Узброенае паўстанне ў выніку змовы супроць існуючай улады. Контррэвалюцыйны мяцеж.
мяце́жнік, ‑а, м.
Удзельнік мяцяжу. Няспынна, Цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор; Шахцёры мужнасцю адною Трымаюць іх круты напор. Глебка.
мяце́жніцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мяцяжу, да мяцежнікаў, уласцівы ім.
мяце́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае непасрэдныя адносіны да мяцяжу. І помніць дагэтуль Замосце і Снежна, Як беглі палкі генералаў мяцежных. Глебка. // Які заклікае, падбухторвае да мяцяжу. Мяцежная прамова.
2. перан. Трывожны, неспакойны, бурны. Мяцежны характар. □ Мяцежныя жаданні напаўнялі.. [Юльчына] сэрца. Бядуля. Прыходзіў вялікі, прыходзіў мяцежны І радасны росквіт суровай зямлі. Куляшоў.
мяце́лісты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Багаты мяцеліцамі; з мяцеліцамі. Мяцелістая зіма.
мяце́ліца, ‑ы, ж.
1. Снежная бура, завея. Мяцеліца ў полі сапе, завывае, Свіст віхраў спакойна заснуць не дае. Купала. Над станцыяй гулялі студзеньскія мяцеліцы, вылі і стагналі лютыя в[я]тры. Шчарбатаў.
2. Народны танец, які выконваецца ў хуткім тэмпе з частымі зменамі фігур і паваротамі. Услед жа за бацюшкам Габрусь і Гіляры таксама хапілі па кабеце і пачалі шпарка круціць мяцеліцу. Чарот.
мяце́лічны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мяцеліцы. Брадэнік злосна трасянуў снег з каўняра.. Ці то з каўняра, ці мо той, мяцелічны снег трапіў у рукаў, апёк холадам недзе ля самай пахі. Кандрусевіч.
мяцёлка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Тое, што і мятла. А вілы, граблі і мяцёлкі,.. Каля варот адны стаялі — Таксама працы ўжо чакалі. Колас.
2. Спец. Суквецце некаторых раслін, якое нагадвае па форме мятлу. Бездапаможна пнуцца ўгару сіва-зялёныя мяцёлкі аўса. Брыль.
3. Абл. Мятліца. Улетку па гэтай дарозе вазілі з паплавоў сена, мяккае, як воўну, жыта напалам з гірс[о]й і мяцёлкай. Асіпенка.