Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мяне́,

гл. я.

мянёк, мянька, м.

Тое, што і мянтуз.

мянта́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Наждачная лапатка, якой востраць косы. [Алесь] спыніўся, узяў вехцік сакавітай травы, абцёр палатно касы, і яна зазвінела, заспявала пад мянташкаю. Сабаленка.

2. перан. Разм. Пра таго, хто многа і без толку гаворыць; трапло. Шкада, што мянташкам Там-сям давяраюць І волю даюць Языкамі мянціць. Корбан.

мянта́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак.

Разм. Тое, што і мянціць. Чуваць здалёку, як касцы Мянташаць звонка косы. Калачынскі. — Мянташыш ты языком, Пракоп, і праўда, як тая баба, — сярдзіта адгукнуўся з-пад стога Ладуцька і адвярнуўся ад мужчын. Хадкевіч.

мянту́з, ментуза, м.

Прэснаводная драпежная рыба сямейства трасковых з падоўжаным целам і плямістай скурай. Бабуля садзіцца чысціць ментузоў, а дзед з Рамірам абедаюць. Асіпенка.

мяну́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Назва, дадзеная чалавеку жартам, у насмешку або для канспірацыі. [Дзед:] — Марка — гэта імя таго чалавека, а Руды — вулічная мянушка, бо ён меў рудую бараду... Шуцько. Быдла, ёлупень, балбес, лапатнік, турак, фармазон — якія толькі мянушкі несыпаліся на галовы бедных семінарыстаў! С. Александровіч. Карніцкаму, які насіў мянушку Пчала, у той час было яшчэ далёка да трыццаці год. Паслядовіч.

2. Назва, дадзеная адной жывёле ў адрозненне ад іншых падобных. [Святлана:] — Тата, а як мы яго назавём? У звярынцы ж ва ўсіх звяроў ёсць мянушкі. Сіняўскі.

мянці́ць, мянчу, менціш, менціць; незак.

1. што. Вастрыць мянташкай. Неўзабаве касцы выйшлі да дарогі і прыпыніліся на хвіліну адпачыць. Некаторыя сталі мянціць косы. Даніленка.

2. перан.; што, чым і без дап. Разм. Гаварыць многа і без толку, гаварыць бязглуздзіцу; трапацца, лапатаць. Языкі быццам з прывязі пазрываліся і мянцілі немаведама што. Сабаленка. [Даміра:] — А вы языком толькі менціце. Мы ды мы. А дзе тыя брыгады, што на сходзе старылі? Асіпенка.

мянько́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мянька. Мяньковая галава. // Прыгатаваны з мянька. Мяньковая юшка.

мяня́ла, ‑ы, м.

1. Чалавек, які займаецца разменам і абменам грошай за пэўныя працэнты.

2. Разм. Той, хто займаецца абменам адных рэчаў на другія. Чалавек, што драмаў у крэсле, прыўзняў з твару капялюш, прамармытаў: — Мянялы, што-небудзь выменяць прыйшлі. Хомчанка.

мяня́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для размену або абмену грошай. Мяняльная крама.