Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мя́каць, ‑і, ж.

1. Мяккая частка цела жывёлы або чалавека.

2. Мяса без касцей. Аддзяліць мякаць ад касцей.

3. Мяккая частка пладоў, ягад, клубняў. Мякаць яблыка.

4. Разм. Што‑н. мяккае, рыхлае. Схапіў Юткевіч хлеб абедзвюма рукамі, упіўся ў пахучую мякаць зубамі і, не разжоўваючы, кавалак за кавалкам прагна глытаў хлеб, раскідаючы крошкі па стале. Мікуліч.

мя́кенькі, ‑ая, ‑ае.

Памянш.-ласк. да мяккі.

мякі́на, ‑ы, ж.

Адходы, якія застаюцца пасля абмалоту і ачысткі зерневых, бабовых культур і лёну.

мякі́ннік, ‑а, м.

Памяшканне, кут, куды ссыпаюць мякіну.

мякі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мякіны; з дамешкай мякіны. Мякінная пацяруха. Мякінны хлеб.

мя́кіш, ‑у, м.

1. Мяккая частка печанага хлеба.

2. Мяккая частка чаго‑н.; мякаць.

мя́кка, прысл.

1. Не цвёрда, не жорстка. [Дзяжурны:] — Тут сена паслана. Мякка будзе. Накрывайся сваім паліт[о] і спі. Якімовіч. Мякка сцеле, ды мулка спаць. Прымаўка. // Лёгка; далікатна. Дачка мякка кранула бацьку за рукаў, нібы асцярожна будзіла яго. Зарэцкі.

2. перан. Ціха, ледзь чутна; плаўна. Накінуўшы на плечы стракаты халат і мякка ступаючы танкамі, .. [маці] выйшла са спальні. Якімовіч. Лёгка і мякка слізгаюць палазы, пакідаючы за сабой па некранутай белі дзве раўнюткія палосы. Машара. // Не рэзка. Мякка свяцілі люстры, на стале дыміліся кубачкі духмянай кавы. Шыцік. Сонца грэла роўна і мякка. Гамолка.

3. перан. Сардэчна, ласкава, пяшчотна. [Васіль Іванавіч] перавёў позірк на Камара, мякка ўсміхнуўся яму. Лынькоў. Таццяна ўсміхнулася, і ў вачах у яе мякка засвяцілася ласкавае захапленне. Зарэцкі.

•••

Мякка кажучы (у знач. пабочн.) гл. кажучы.

мякка...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «мяккі», напрыклад: мяккасардэчны, мяккацелы.

мяккава́ты, ‑ая, ‑ае.

Не вельмі цвёрды; пругкі.

мяккасардэ́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць мяккасардэчнага.