мякка, прысл.
1. Не цвёрда, не жорстка. [Дзяжурны:] — Тут сена паслана. Мякка будзе. Накрывайся сваім паліт[о] і спі. Якімовіч. Мякка сцеле, ды мулка спаць. Прымаўка. // Лёгка; далікатна. Дачка мякка кранула бацьку за рукаў, нібы асцярожна будзіла яго. Зарэцкі.
2. перан. Ціха, ледзь чутна; плаўна. Накінуўшы на плечы стракаты халат і мякка ступаючы танкамі, .. [маці] выйшла са спальні. Якімовіч. Лёгка і мякка слізгаюць палазы, пакідаючы за сабой па некранутай белі дзве раўнюткія палосы. Машара. // Не рэзка. Мякка свяцілі люстры, на стале дыміліся кубачкі духмянай кавы. Шыцік. Сонца грэла роўна і мякка. Гамолка.
3. перан. Сардэчна, ласкава, пяшчотна. [Васіль Іванавіч] перавёў позірк на Камара, мякка ўсміхнуўся яму. Лынькоў. Таццяна ўсміхнулася, і ў вачах у яе мякка засвяцілася ласкавае захапленне. Зарэцкі.
•••
Мякка кажучы (у знач. пабочн.) гл. кажучы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)