Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мя́са, ‑а, н.

1. Туша ці частка тушы забітых жывёл або птушак, прыгодная для ежы; ежа, прыгатаваная з часткі тушы. Мяса з касцямі. Курынае мяса. Варанае мяса. □ — Наш, калгас можа даць не менш як сто пяцьдзесят цэнтнераў мяса і па восемсот малака на кожныя сто гектараў, — гаварыў дакладчык. Дуброўскі. Яніна засцілае абрус, дастае з шуфляды хлеб, талерку мяса, дзве чаркі і ставіць усё на стол. Козел. // Мяккая мышачная частка цела рыб.

2. Бытавая назва мышцы. Мурза насела на карак мядзведзя і ўгрызлася зубамі глыбока ў яго мяса. Бядуля.

3. Разм. Мяккая частка пладоў, ягад; мякаць.

•••

Белае мяса — курынае мяса або цяляціна.

Дзікае мяса — балючая нарасць на ранах, якія доўга не гояцца.

Воўчае мяса — выказ нездаволенасці канём.

Выдраць (вырваць) з мясам гл. выдраць.

Гарматнае мяса — пра людзей, якіх насільна пасылаюць на смерць у час захопніцкай вайны.

Ні рыба ні мяса гл. рыба.

мяса...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «мяса», «мясны», напрыклад: мясанарыхтоўкі, мясакамбінат, мясапрадукты.

мясае́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Перыяд пасля каляд, калі па закону праваслаўнай царквы дазваляецца есці мяса.

мясакамбіна́т, ‑а, М ‑наце, м.

Прадпрыемства, дзе забіваюць жывёлу і перапрацоўваюць атрыманую сыравіну (мяса).

мясакансе́рвавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да мясных кансерваў; звязаны з кансерваваннем мяса. Мясакансервавы камбінат.

мясанарыхто́ўкі, ‑товак; адз. мясанарыхтоўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы, ж.

Дзяржаўная планавая нарыхтоўка мяса.

мясанарыхто́ўчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да нарыхтовак мяса. Мясанарыхтоўчы пункт.

мясапаста́ўкі, ‑тавак; адз. мясапастаўка, ‑і, ДМ ‑таўцы, ж.

Пастаўка мяса дзяржаве.

мясапраду́кты, ‑аў.

Мясныя прадукты. Вытворчасць мясапрадуктаў.

мясапрамысло́васць, ‑і, ж.

Мясная прамысловасць.