мяса, ‑а, н.
1. Туша ці частка тушы забітых жывёл або птушак, прыгодная для ежы; ежа, прыгатаваная з часткі тушы. Мяса з касцямі. Курынае мяса. Варанае мяса. ▪ — Наш, калгас можа даць не менш як сто пяцьдзесят цэнтнераў мяса і па восемсот малака на кожныя сто гектараў, — гаварыў дакладчык. Дуброўскі. Яніна засцілае абрус, дастае з шуфляды хлеб, талерку мяса, дзве чаркі і ставіць усё на стол. Козел. // Мяккая мышачная частка цела рыб.
2. Бытавая назва мышцы. Мурза насела на карак мядзведзя і ўгрызлася зубамі глыбока ў яго мяса. Бядуля.
3. Разм. Мяккая частка пладоў, ягад; мякаць.
•••
Белае мяса — курынае мяса або цяляціна.
Дзікае мяса — балючая нарасць на ранах, якія доўга не гояцца.
Воўчае мяса — выказ нездаволенасці канём.
Выдраць (вырваць) з мясам гл. выдраць.
Гарматнае мяса — пра людзей, якіх насільна пасылаюць на смерць у час захопніцкай вайны.
Ні рыба ні мяса гл. рыба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)