мажа́ры, ‑аў; адз. няма.
Абл. Вялікія сялянскія калёсы з высокімі драбінамі; кары (у 2 знач.). Дзесьці па дарозе да Масквы, на адной з невялікіх станцый, я павінен буду выйсці з цягніка, перасесці ў глыбокія сялянскія мажары і ехаць у Віхораўскі калгас. Галавач.
мажарыта́рны, ‑ая, ‑ае.
Спец. У выразе: мажарытарная сістэма гл. сістэма.
[Фр. majorité — большасць.]
мажджэ́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
Разм. Драбіць, таўчы; раздрабляць. Зразумела, што [у будаўнікоў] было і начынне: кувалдачкі, каб разбіваць, мажджэрыць камень, кельмы. Дубоўка.
мажлі́васць, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і магчымасць. Яшчэ будучы хлапчуком, .. [Азаркевіч] пасвіў авечкі ў сваёй вёсцы.., каб зарабіць кавалак хлеба і мець мажлівасць зімою вучыцца. Гурскі.
мажлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і магчымы.
мажне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Разм. Рабіцца, станавіцца мажным. Марыля з кожным годам яшчэ больш мажнела. Чорны.
мажны́, ‑ая, ‑ое.
Рослы, поўны, моцнага целаскладу. Побач з мажным, шыракаплечым Міхалам Арына здавалася мініяцюрнай, стройнай і маладой. Карпаў. Упусціўшы мужчын, мажная, раздабрэлая буфетчыца зашчапіла за імі дзверы, адышлася за стойку. Навуменка. За сталом сядзелі трое ў ваенным, і ўсе трое былі мажныя, самавітыя, сур’ёзныя. Новікаў.
мажо́р, ‑у, м.
1. Музычны лад, акорд якога складаецца з вялікай і малой тэрцыі і мае радасную, бадзёрую гукавую афарбоўку; проціл. мінор. / у знач. нязм. прым. Сімфонія сі-бемоль мажор.
2. перан. Разм. Вясёлы, радасны настрой. Захапленне .. [вясною] нараджала ў пісьменніка лад іскрыста-сонечнага мажору, лірычнага хвалявання, нястрыманай нічым радасці. Лойка.
[Фр. majeur.]
мажо́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мажору (у 1 знач.).
2. перан. Разм. Бадзёры, вясёлы. Мажорны настрой.