Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мац, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле значэння дзеясл. мацаць. Мац у кішэнь — аж няма табакеркі... Якімовіч.

ма́ца, ‑ы, ж.

Спец. уст. Набітая конскім воласам або шэрсцю скураная падушачка, якая ўжывалася друкарамі для набівання фарбай набору.

[Іт. mazzo.]

маца́, ы́, ж.

Тонкія сухія праснакі з пшанічнай мукі, якія выпякаліся, паводле яўрэйскага абраду, да вялікадня.

[Стараж.-яўр. maccāh.]

мацава́льшчык, ‑а, м.

Горнарабочы, спецыяліст па крапяжу. Шахцёр-мацавальшчык.

мацава́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. мацаваць.

2. Тое, што і крапеж. Рудніковыя мацаванні.

3. Прыстасаванне, якое служыць для замацавання чаго‑н. Прабіраючыся паміж зараснікаў вярбы, што разрасл[і]ся па беразе ракі, Валерый адчуў, як аслабла мацаванне лыжы на правай назе. Стаховіч.

мацава́ны, ‑ая, ‑ае.

З дабаўленнем спірту (пра віно). Паўсалодкае мацаванае віно.

мацава́цца, мацуюся, мацуешся, мацуецца; незак.

1. Цвёрда, стойка трымацца, выяўляць вытрымку ў чым‑н.; стрымлівацца. Коля мацаваўся, стараючыся схаваць сваё хваляванне. Рунец. // Старацца быць бадзёрым. Адразу пасля вайны яшчэ мацавалася Адарка, а тут во здаваць пачала. Лупсякоў.

2. Зал. да мацаваць (у 1–3 знач.).

мацава́ць, мацую, мацуеш, мацуе; незак., што.

1. Трывала прымацоўваць. Чалавек шэсць грузчыкаў завіхаліся на платформах, мацавалі станкі сталёвымі тросамі. Асіпенка. // Змацоўваць элементы машын, канструкцый.

2. У горнай справе — устанаўліваць крапеж. Аглядалі [крапеж] ў забоях дбайна, Як мацуюць шахцёры столь. Аўрамчык.

3. У марской і авіяцыйнай справе — моцна прывязваць, замацоўваць. Мацаваць трос.

4. перан. Рабіць моцным, узмацняць. Мацаваць дружбу. □ — Вам шлях у заўтра, ленінцы, Смялей мацуйце строй! Кірэенка.

5. Разм. Прабаваць моц чаго‑н. [Наўмыснік] паднімаўся кожны дзень на ўзровень сцяны і кожны раз перад тым, як стаць мураваць, мацаваў нагой дошку пад нагамі. Чорны.

маца́к, ‑а і ‑у, м.

Разм.

1. ‑а. Здаровы, моцны чалавек.

2. ‑у. Моцны тытунь або напітак. «Ідзі, Аўдоля, пасядзі, трохі адпачні. Закуры .. мацаку, усё роўна ты ў нас за мужчыну ідзеш». Крапіва.

ма́цанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. мацаць (у 1 знач.).

ма́цаць, мацаю, мацаеш, мацае; незак., каго-што.

1. Датыкаючыся, распазнаваць што‑н., упэўнівацца ў чым‑н. Падарункі пайшлі па руках жанчын і дзяўчат, яны мацалі, разглядалі, прыцэньваліся да іх. Сабаленка. [Сярожа] аглядаў і мацаў кожную рэч, нібы правяраючы якасць усяго, што было ў пакоі. Шамякін.

2. Шукаць вобмацкам. У цёплыя дні Міколжа лазіў з бацькам у рэчку і мацаў ракаў. Лынькоў.

3. перан. Абшукваць. Роўнядзь ракі лізнуў кінжал пражэктара і некалькі хвілін асцярожна мацаў партызанскі бераг. Шамякін.