мацава́ць, мацую, мацуеш, мацуе; незак., што.

1. Трывала прымацоўваць. Чалавек шэсць грузчыкаў завіхаліся на платформах, мацавалі станкі сталёвымі тросамі. Асіпенка. // Змацоўваць элементы машын, канструкцый.

2. У горнай справе — устанаўліваць крапеж. Аглядалі [крапеж] ў забоях дбайна, Як мацуюць шахцёры столь. Аўрамчык.

3. У марской і авіяцыйнай справе — моцна прывязваць, замацоўваць. Мацаваць трос.

4. перан. Рабіць моцным, узмацняць. Мацаваць дружбу. □ — Вам шлях у заўтра, ленінцы, Смялей мацуйце строй! Кірэенка.

5. Разм. Прабаваць моц чаго‑н. [Наўмыснік] паднімаўся кожны дзень на ўзровень сцяны і кожны раз перад тым, як стаць мураваць, мацаваў нагой дошку пад нагамі. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)