Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

маёвы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і майскі (у 1 знач.). Маёвая раніца. □ Маршам аркестры на плошчы сусветнай Славяць маёвыя светлыя дні. Глебка.

маёліка, ‑і, ДМ ‑ліцы, ж.

1. Абпаленая каляровая гліна, накрытая непразрыстай палівай з рысункам.

2. зб. Вырабы з такой гліны.

[Іт. maiolica ад назвы вострава Мальорка.]

маёлікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да маёлікі. // Зроблены з маёлікі. Маёлікавыя вырабы.

маёмасны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да маёмасці, звязаны з уладаннем маёмасцю. Маёмасныя правы. Маёмасныя адносіны.

маёмасць, ‑і, ж.

Рэчы, прадметы, каштоўнасць, якія належаць каму‑н., знаходзяцца ў чыім‑н. уладанні. Дзяржаўная маёмасць. □ Панская зямля і маёмасць былі канфіскаваны і перададзены батракам і бедным сялянам. Кавалёў. З прыфрантавой паласы ўжо былі эвакуіраваны ўсе паязныя саставы і ўся чыгуначная маёмасць. Чорны.

•••

Нерухомая маёмасць — маёмасць, якая складаецца з зямельнага ўчастка і будынкаў.

Рухомая маёмасць — маёмасць, якая складаецца з каштоўнасцей, рэчаў, мэблі і пад.

маёмны, ‑ая, ‑ае.

Заможны, багаты. Маёмны клас.

маёнтак, ‑тка, м.

Зямельныя ўладанні памешчыка. У роднай вёсцы дзеда на месцы панскага маёнтка да вайны быў арганізаваны калгас. Рылько. // Панскі двор, сядзіба. Маёнтак захаваўся цалкам, і дом, і паркі, і сады, і ўся будоўля. Чорны.

маёнткавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да маёнтка. [Алесь:] — За гэтай чарговай мерай мы адменім прыгон. Магчыма, праз год. І не так, як у праектах, а з зямлёй. Паступова падзелім усіх, не толькі сялян, а і беззямельную шляхту, раздаўшы большасць маёнткавай зямлі. Караткевіч. Прыйшлі маёнткавыя чалавек шэсць з крукамі і сякерамі і расцягнулі па бервяну хату. Чорны.

2. Які валодае маёнткам. Маёнткавая шляхта.

маёр, ‑а, м.

Афіцэрскае званне ў арміі, вышэйшае за званне капітана. // Асоба, якая носіць такое званне.

[Ад лац. major — вышэйшы, старшы.]

маёраў, ‑ава.

Які належыць маёру. Зброі ў .. [сержанта] не было, толькі маёраў планшэт з картай. Беразняк.