Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мак, ‑у, м.

1. Расліна з высокім сцяблом і вялікімі, часцей за ўсё чырвонымі кветкамі, плод якой мае выгляд каробачкі з дробным насеннем.

2. зб. Насенне гэтай расліны, якое ідзе ў ежу. Піражкі з макам.

•••

Рассыпацца дробным макам гл. рассыпацца.

Сесці макам гл. сесці.

Сыпаць макам гл. сыпаць.

Таўчы мак гл. таўчы.

Як маку — вельмі многа.

ма́кавіна, ‑ы, ж.

1. Адно сцябло маку. Улева адразу гарод: белыя галовы качаноў і па баках сцежкі, што ідзе ў гумно, высокія макавіны. Галавач.

2. Адно зярнятка маку.

3. Галоўка маку, макаўка.

4. Вершаліна, верхавіна (у 1 знач.). Глуха гулі макавіны соснаў; з кароткімі прыпынкамі гукаў у глыбіні лесу дзяцел. Савіцкі.

ма́кавінка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Памянш.-ласк. да макавіна (у 1–3 знач.).

макаві́шча, ‑а, н.

Града, поле, на якім папярэдняй культурай быў мак.

ма́кавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да маку. Макавае зярнятка. // Зроблены, прыгатаваны з маку, з макам. Макавы пернік,

2. у знач. наз. ма́кавыя, ‑ых. Сямейства двухдольных раслін, да якога адносяцца мак, чыстацел і інш.

•••

Макавага зярнятка (макавай расінкі) у роце не было гл. быць.

мака́ка, ‑і, ДМ ‑кацы, ж.

Невялікая малпа, якая водзіцца ў Азіі і Афрыцы.

[Партуг. macaco.]

мака́о 1, нескл., н.

Род азартнай картачнай гульні.

мака́о 2, нескл., м.

Спец. Бразільскі папугай з роду араравых, які вылучаецца яркім апярэннем і доўгім хвастом.

мака́рам, прысл.

Разм. У выразах: такім макарам; якім макарам; любым макарам — такім (якім, любым) спосабам. [Завішнюк] падумаў яшчэ, што ў леспрамгасе зарабіць можна і што кожны любым макарам стараецца вырвацца туды. Пташнікаў.

макарані́зм, ‑а, м.

Кніжн.

1. Замежнае слова або выраз, які пранік у родную мову ў нязменным выглядзе.

2. Слова або выраз з жывой народнай мовы (французскай, італьянскай), якое пранікла ў літаратурную лацінскую мову з сярэдневяковай заходнееўрапейскай літаратуры.

[Фр. macaronisme.]

макарані́чны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. У склад якога ўваходзяць макаранізмы. Макаранічная мова.