Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

магніто́граф, ‑а, м.

Прыбор, які безупынна рэгіструе змены магнітнага поля Зямлі.

магніто́ла, ‑ы, ж.

Радыётэхнічны апарат бытавога прызначэння, які канструкцыйна аб’ядноўвае радыёпрыёмнік і магнітафон.

магніто́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст па вывучэнню магнітных з’яў.

магніто́метр, ‑а, м.

Прыбор для вымярэння напружанасці магнітнага поля.

[Ад грэч. magnētis — магніт і metréō — вымяраю.]

магні́ціць, ‑нічу, ‑ніціш, ‑ніціць; незак., што.

Надаваць чаму‑н. уласцівасці магніта. Магніціць стрэлку компаса.

магно́ліевы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да магноліі. Магноліевы пах. // Які здабываецца з кветак магноліі. Магноліевы алей.

2. у знач. наз. магно́ліевыя, ‑ых. Сямейства двухдольных дрэвавых або кустовых раслін, да якога адносіцца магнолія, лімоннік і пад.

магно́лія, ‑і, ж.

Субтрапічнае дрэва або куст з вялікімі пахучымі белымі ці ружовымі кветкамі. Моцны пах магнолій крыху дурманіў галаву. Рамановіч. І гараць сваім гарачым полымем Белыя магноліі ля хат. Калачынскі.

[Фр. magnolia ці magnolier ад уласнага імя.]

маго́, нескл. і маго́т, ‑а, М ‑гоце, м.

Бясхвостая малпа, якая лёгка прыручаецца; водзіцца ў паўночна-заходняй Афрыцы.

[Фр. magot.]

магу́тнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць магутнага (у 2, 3 знач.); вялікая сіла, моц. Магутнасць дзяржавы. Магутнасць арміі. □ Сталіца! Магутнасць твая незлічона. Броўка.

2. Спец. Таўшчыня пласта (мінералаў, паветра, вады і пад.). Магутнасць тарфянога залежу. Магутнасць пласта калійнай руды. Магутнасць атмасферы.

3. Спец. Велічыня, якая паказвае адносіны работы да часу, на працягу якога яна выканана. Магутнасць рухавіка. Магутнасць электрастанцыі.

4. толькі мн. (магу́тнасці, ‑ей). Вытворчыя аб’екты (заводы, машыны і пад.). Дадатковая электраэнергія можа быць выпрацавана на гідраэлектрастанцыях без устаноўкі новых магутнасцей. «Звязда».

магу́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае фізічную сілу; вельмі дужы, здаровы. Магутны асілак. Магутны зубр. Магутныя крылы. // Які сведчыць аб фізічнай сіле. Брыль робіць кароткі перапынак. І яго магутная постаць, і голас, і нейкая прастата і шчырасць у словах робяць на сялян добрае ўражанне. Колас. // Здаровы, жыццяздольны. Магутны арганізм.

2. Вельмі вялікі, значны (па сіле, велічыні). Магутны ўраган. Магутны залп. □ У заключэнне рэйда быў нанесены магутны камбінаваны ўдар па чыгунцы. Шамякін. // З тоўстым ствалом; густы, раскідзісты. У гушчары, на скрыжаванні торных Лясных дарог. — вышэй сваіх сяброў Узрос магутны граб. Кірэенка. Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнае голле. Дуброўскі. // Надзелены вялікай баяздольнай сілай, добра ўзброены, умацаваны (пра вайсковыя злучэнні, умацаванні і пад.). Пяскоўцы ведалі ўжо, што следам за разведчыкамі ідуць магутныя часці Чырвонай Арміі. Пальчэўскі. // перан. Здольны аказаць значнае ўздзеянне на каго‑, што‑н. Калі ж вайна хадзіла па Радзіме І вораг нёс нам рабства і разбой, З тваім [Максіма Горкага] магутным словам, Гордым імем Фашызму мы давалі жорсткі бой. Астрэйка.

3. З вялікімі вытворчымі і матэрыяльнымі магчымасцямі. Магутная краіна. Магутная металургічная прамысловасць. □ Для пераможнага салюта, Якім байцоў Радзіма славіць, Мы ведалі: Урал магутны Даўно руду ў мартэнах плавіць. Танк. А калі магутны атам Мы для працы пакарылі, Стаў народ такім багатым, Што канца няма той сіле. Крапіва.

4. Спец. Тоўсты, масіўны (слой, пласт). Тут адразу ж пачынаўся магутны пласт чырвонай гліны. Штыхаў.

5. Спец. Які мае вялікую магутнасць (у 3 знач.). Магутная турбіна.

•••

Магутная кучка гл. кучка.