магутны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае фізічную сілу; вельмі дужы, здаровы. Магутны асілак. Магутны зубр. Магутныя крылы. // Які сведчыць аб фізічнай сіле. Брыль робіць кароткі перапынак. І яго магутная постаць, і голас, і нейкая прастата і шчырасць у словах робяць на сялян добрае ўражанне. Колас. // Здаровы, жыццяздольны. Магутны арганізм.

2. Вельмі вялікі, значны (па сіле, велічыні). Магутны ўраган. Магутны залп. ▪ У заключэнне рэйда быў нанесены магутны камбінаваны ўдар па чыгунцы. Шамякін. // З тоўстым ствалом; густы, раскідзісты. У гушчары, на скрыжаванні торных Лясных дарог. — вышэй сваіх сяброў Узрос магутны граб. Кірэенка. Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнае голле. Дуброўскі. // Надзелены вялікай баяздольнай сілай, добра ўзброены, умацаваны (пра вайсковыя злучэнні, умацаванні і пад.). Пяскоўцы ведалі ўжо, што следам за разведчыкамі ідуць магутныя часці Чырвонай Арміі. Пальчэўскі. // перан. Здольны аказаць значнае ўздзеянне на каго‑, што‑н. Калі ж вайна хадзіла па Радзіме І вораг нёс нам рабства і разбой, З тваім [Максіма Горкага] магутным словам, Гордым імем Фашызму мы давалі жорсткі бой. Астрэйка.

3. З вялікімі вытворчымі і матэрыяльнымі магчымасцямі. Магутная краіна. Магутная металургічная прамысловасць. ▪ Для пераможнага салюта, Якім байцоў Радзіма славіць, Мы ведалі: Урал магутны Даўно руду ў мартэнах плавіць. Танк. А калі магутны атам Мы для працы пакарылі, Стаў народ такім багатым, Што канца няма той сіле. Крапіва.

4. Спец. Тоўсты, масіўны (слой, пласт). Тут адразу ж пачынаўся магутны пласт чырвонай гліны. Штыхаў.

5. Спец. Які мае вялікую магутнасць (у 3 знач.). Магутная турбіна.

•••

Магутная кучка гл. кучка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)