Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

далята́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да даляцець.

даляце́ць, ‑лячу, ‑ляціш, ‑ляціць; зак.

1. Летучы, дасягнуць якога‑н. месца. Арол даляцеў да вяршыні гары. Даляцець да Месяца. □ Снарад, відаць, прабіў браню, бо танк узарваўся. Ажно да гарматы са свістам даляцелі кавалкі металу. Шамякін.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Распаўсюджваючыся, дасягнуць якога‑н. месца (пра гукі, пахі і пад.); данесціся. З ветрам даляцеў да вушэй Янавых чалавечы крык. Галавач. Весць аб наступе Чырвонай Арміі даляцела і да партызан. Колас.

далячы́нь,

гл. далечыня.

далячы́цца, ‑лячуся, ‑лечышся, ‑лечыцца; зак.

1. Закончыць сваё лячэнне, канчаткова вылечыцца. Далячыцца ў бальніцы.

2. Разм. Лячэннем давесці сябе да якіх‑н. непрыемных вынікаў.

далячы́ць, ‑лячу, ‑лечыш, ‑лечыць; зак., каго-што.

1. Закончыць лячэнне каго‑, чаго‑н., канчаткова вылечыць. Далячыць руку. Далячыць хворага.

2. Разм. Лячэннем давесці да якіх‑н. непрыемных вынікаў.

да́ма, ‑ы, ж.

1. Жанчына, якая належыць да багатага ці інтэлігентнага асяроддзя (уст.). Прыдворная дама. □ На беразе ракі індыйскай Джамны жылі даўней прыгожыя тры дамы. Дубоўка. // Замужняя жанчына ў адрозненне ад дзяўчыны. Паненкі і маладыя дамы гарнуліся да вайсковых. Колас.

2. Жанчына або дзяўчына, якая танцуе ў пары з кавалерам ці ўдзельнічае ў якой‑н. гульні. Найдус галантна падводзіў сваю даму да кожнага госця, з якім і віталася яна ўсё з той жа чараўнічаю ўсмешкай. Колас.

3. Трэцяя па старшынству ігральная карта з малюнкам жанчыны. Званковая дама.

дама... (гл. дома...).

Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «дома...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: дамарослы, дамасед, даматканы.

дамаві́к, ‑а, м.

У народных павер’ях — злы або добры дух, які жыве ў кожным доме. [Ігналя] напамінаў калматага дамавіка, лесуна або вадзеніка, якіх калісьці малявалі ў казках. Бядуля.

дамаві́на, ‑ы, ж.

Спецыяльная скрыня, у якую кладуць нябожчыка для пахавання; труна. Каля белай дамавіны Апошнюю дань Дзеткі дораць і галосяць: «Мама, мама, устань!» Купала. Пятнаццаць свежых дамавін плылі на плячах жывых. Мёртвыя развітваліся з горадам, у якім яны абаранялі новае жыццё. Хомчанка.

•••

Хоць у дамавіну кладзі гл. класці.

дамаво́дства, ‑а, н.

Вядзенне дамашняй гаспадаркі. Займацца дамаводствам. // Адзін з прадметаў працоўнага выхавання вучняў у школе. — Мы вучыліся на ўроку дамаводства падаваць на стол, — папраўляючы фартушок, сказала дзяўчынка. Даніленка.