даўню́тка, прысл.
Разм. Даволі даўно. — Даўнютка мы з табою не хадзілі вось так, удвух, — сказаў .. [Кашын], як ішлі з прахадной. Карпаў.
до́ўбня, ‑і і даўбня́, ‑і, ж.
1. Вялікая палка з патаўшчэннем на канцы (для ўбівання чаго‑н., забою жывёлы і пад.). Машэка доўбняй замахнуцца яшчэ на некага спяшыць... Купала. Яшчэ парася ў чэраве, а доўбня ўжо гатова. З нар.
2. перан. Пагард. Пра няцямкага, дурнога чалавека.
до́ўгі, ‑ая, ‑ае і даўгі́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае вялікую даўжыню (у 1 знач.); проціл. кароткі. Жураўлі нібы плылі ў небе, выцягнуўшы тонкія ногі і доўгія шыі. Якімовіч. Падгіналіся каленкі ад доўгай дарогі. Лынькоў. Барак быў доўгі і нізкі. Чорны. // Большы ў даўжыню, чым патрэбна. Доўгая сукенка. Доўгае паліто. □ Штаны ў .. [Рыгоркі] доўгія, аж да пят. Якімовіч. // Разм. Высокі ростам (пра чалавека). [Сухарукі] быў доўгі .. і худы. Бядуля. За тое, што ён [дзядзька Мітрафан] быў доўгі, як жардзіна, і хударлявы, усе казалі на яго Чапяла. Бажко.
2. Працяглы ў часе. Доўгая разлука. Доўгі позірк. □ Сход быў доўгі, але спакойны. Чорны. Ногі ад доўгага сядзення замлелі, і .. [Віця] захістаўся. Чарнышэвіч.
3. Які працяжна вымаўляецца (пра гукі, склады). Доўгі гук.
•••
Доўгая песня (гісторыя) гл. песня.
Доўгі рубель гл. рубель.
Доўгі язык гл. язык.
Доўгія рукі гл. рука.