Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дабры́дзень, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца як прывітанне пры сустрэчы днём. Якуб Колас з недаверлівасцю пачаў углядацца ў твар госця, а потым праказаў толькі адно слова: — Дабрыдзень! Хведаровіч.

дабрыня́, ‑і, ж.

Разм.

1. Тое, што і дабрата (у 1 знач.). Іскра ў цемры згасала. І тут мне здалося: Ты ішоў да мяне з дабрынёй і адвагай. Караткевіч.

2. Утульнасць, раскоша, прыемнасць. — Эх, і дабрыня ж на сене ў цябе, дзядзька Анішчык. Мурашка.

дабрысці́, ‑брыду, ‑брыдзеш, ‑брыдзе; ‑брыдзём, ‑брыдзяце; пр. дабрыў, ‑ла, ‑ло; зак.

Разм. З цяжкасцю дайсці, дабрацца да якога‑н. месца. Я ўставаў І ішоў па ваеннай дарозе. Верыў — дома мне быць, Дабрыду, дажыву... Броўка. Снегу, снегу — не праехаць, Снегу, снегу — не прайсці! Хоць бы стомленай, у сне хоць Да Лучосы дабрысці... Лось. // Павольна, не спяшаючыся, дайсці. Непрыметна дабрылі да вёскі.

дабры́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад дабрыць.

дабры́цца, ‑брыюся, ‑брыешся, ‑брыецца; зак.

Закончыць брыцца.

дабры́ць, ‑брыю, ‑брыеш, ‑брые; зак., каго-што.

Закончыць брыццё каго‑, чаго‑н. Дабрыць бараду.

дабрэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. добры.

дабрэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

Станавіцца лепшым, больш добрым. Маці не адступалася ад свайго, не дабрэла, а ўгаворвала і ўгаворвала, каб я пайшоў да цёткі Лісаветы.. сёння. Сачанка.

дабудава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; зак.

Разм. Закончыць будаўніцтва чаго‑н. для сябе.

дабудава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; зак., што.

Закончыць будаўніцтва, давесці пабудову чаго‑н. да канца. Пабудаваць клуб. Дабудаваць мост. // Надбудаваць. У 1947 годзе палову сцен, якія не вытрымалі агню і патрэскаліся, раскідалі і дабудавалі дрэвам. «Маладосць».