вы́блытаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Разблытаўшы, выняць, вызваліць з путаў. Выблытаць птушку з сіла.
2. перан. Разм. Памагчы выйсці з цяжкага становішча. Выблытаць з небяспечнай справы.
выблы́тванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. выблытваць — выблытаць.
выблы́твацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да выблытацца.
2. Зал. да выблытваць.
выблы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да выблытаць.
выбо́іна, ‑ы, ж.
Паглыбленне на паверхні чаго‑н., выбітае ўдарам. Выбоіны ад куль на сценах дамоў. // пераважна мн. (выбо́іны, ‑ін). Ямы на дарозе, выбітыя калёсамі; калдобіны. Воз мякка падскокваў на выбоінах каляін, пакідаючы за сабой шэры, узвіхраны коламі пыл. Шамякін.
выбо́істы, ‑ая, ‑ае.
З выбоінамі; калдобісты. Выбоістая грэбля. □ Коні рванулі з месца адразу ўгалоп і панеслі.. па выбоістай, караністай дарозе. Сачанка.
выбо́йны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і выбоісты. За грэбляй выбойнай Будзе там, дзе канчаецца гаць. Паваротка ў зараснік хвойны. Глебка.
вы́брадзіць, ‑дзіць; зак.
Спец. Закончыць браджэнне (у 1 знач.). Піва выбрадзіла.
вы́бракаваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выбракаваць.
вы́бракаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.
Спец. Вылучыць, выкінуць што‑н., што не адпавядае якасці, стандарту. [Рудак:] — На мяса мы маглі б выбракаваць самых горшых [кароў]. Броўка.