Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

далупі́ць, ‑луплю, ‑лупіш, ‑лупіць; зак., каго-што.

1. Аблупіць, злупіць да канца. Далупіць зайца. Далупіць печаную бульбіну.

2. Разм. Дарваць, канчаткова парваць. Далупіў вопратку.

далу́плены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад далупіць.

далу́пліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да далупіць.

далуча́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для далучэння. Далучальны ланцуг.

2. У граматыцы — які з’яўляецца дапаўненнем, дадаткам да чаго‑н. Далучальныя сказы. // Які служыць для далучэння. Далучальны злучнік. // Заснаваны на спосабе далучэння, прыбаўлення. Далучальная сувязь сказаў.

далу́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад далучыць.

далуча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да далучыцца.

2. Зал. да далучаць.

далуча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да далучыць.

далучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак., да каго-чаго.

1. Дабавіцца да чаго‑н., стварыць адно цэлае з чым‑н. У гэтым годзе да .. [асушаных плошчаў] далучыцца яшчэ каля 50 тысяч гектараў тарфянікаў. «Полымя». І пасля гэтага, калі да двух дзесяцін Хвёдаравых далучылася дзесяціна жончына, — і тады нічога не змянілася. Чорны. Да пералётнага святла ракет далучыўся пажар эшалона. Брыль.

2. Прымкнуць да каго‑, чаго‑н., увайсці ў лік удзельнікаў, членаў чаго‑н. Чалавек далучыўся да дэманстрацыі і павёў першую калону касцельнаю вуліцаю на пляц. Чорны. Да партызан далучылася ўсё насельніцтва. Маўр. // Прыняць удзел у чым‑н. Далучыцца да працы. □ Бастуючым удалося .. пераканаць рабочых далучыцца да ўсеагульнай забастоўкі. «Полымя».

3. Згадзіцца з кім‑н., стаць на чый‑н. бок. Далучыцца да выказанай прапановы. □ Алена цалкам далучылася да Максімавых поглядаў на Саўкава партызанства. Колас.

4. Пазнаёміцца з чым‑н., асвоіць што‑н. Далучыцца да грамадскага жыцця краіны. □ Толькі далучыўшыся да багаццяў чалавечага генія, .. [пісьменнік] можа стаць сапраўдным творцам. Івашын.

далучы́ць, ‑лучу, ‑лучыш, ‑лучыць; зак., каго-што.

1. Злучыць з чым‑н., прыбавіць да чаго‑н. Далучыць дакументы да заявы. □ А пасля неяк пан абводзіў з каморнікам свае межы і тут ужо як мае быць далучыў да сябе гэты куток. Чорны. «У чым рэч?» — далучыў Рыгор свой голас да іншых. Гартны.

2. да чаго. Пазнаёміць з чым‑н., увесці ў што‑н. Далучыць дзяцей да музычнай культуры.

далучэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. далучаць — далучыць і далучацца — далучыцца. Далучэнне прыстаўкі да кораня.