Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

далі́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да далізаць.

даліка́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць далікатнага. Шкітаў такі вызначаўся на людзях далікатнасцю, ніхто не чуў ад яго грубасці, лаянкі. Хадкевіч. Музыка вабіць сваёй кволасцю і далікатнасцю. Бядуля.

далікатне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Разм. Рабіцца больш далікатным.

даліка́тнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Быць залішне далікатным; цырымоніцца. — Змяніўся [настрой] — і ўсё, — рэзка адказала Зоя. Яна не лічыла больш патрэбным далікатнічаць. Арабей. Дзіўныя людзі! Далікатнічаюць. Навошта? Сказалі б проста: пастарэў, Ігнат Макаравіч, цяжка табе, не ўпраўляешся ты часам... Шамякін.

даліка́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Ветлівы, ласкавы ў абыходжанні з людзьмі; уважлівы, паслужлівы. — Наш каморнік, дык гэта залаты чалавек. Спакойны, добры, далікатны. Чорны. [Купала:] — Вы, Міколачка, дрэнны крытык. Што я вам ні пачытаю — абавязкова спадабаецца. Вы чалавек далікатны і не хочаце пакрыўдзіць старэйшага. Хведаровіч. // Заснаваны на павазе; чулы, мяккі. Далікатныя адносіны паміж людзьмі. □ Здавалася, што .. [Зорык] выпешчаны багатымі бацькамі, з першых крокаў прывучаны да далікатнага абыходжання. Новікаў.

2. Разм. Які патрабуе асцярожных, тактоўных адносін. Далікатная справа. □ — Яшчэ раз выбачайце .., Арцём Сямёнавіч. Я да вас па вельмі далікатнаму пытанню. Галавач.

3. Кволы, тонкі; выпеставаны. Далікатныя рукі. Чалавек далікатнага складу. Далікатныя рысы твару. □ На божы свет, як бы з магілы, З зямлі травінкай далікатнай, Густою шчотачкаю здатна Выходзяць дробныя зярняткі. Колас. // Не простага паходжання (пра чалавека). Сцепаніда Гаўрылаўна, хоць і зваў яе Чмаруцька ў вясёлую хвіліну княгіняй, ніякага дачынення да такога далікатнага роду не мела. Лынькоў. // Які патрабуе беражлівых адносін, догляду, лёгка псуецца пры карыстанні. Машына гэта далікатная, яна не любіць, калі дакранаецца да яе які-небудзь таптун, а не сапраўдны вадзіцель. Кулакоўскі. Рукі страцілі меру націску і, беручы далікатную рэч, баішся, каб не раздушыць. Крапіва.

4. Складаны, тонкі па выкананню. Работа такая далікатная, ажно страх бярэ нас — малых. Бядуля.

5. Кволы, мяккі, прыемны навобмацак (пра валасы, пух, тканіну і пад.). Далікатная скура. Плацце з далікатнай матэрыі. □ Птушаняты ўсе былі жывыя, голенькія, ружовыя, з жоўтымі роцікамі і далікатным рэдзенькім пушком на галоўках. Ляўданскі.

6. Прыемны на смак, пах, гучанне і пад. Далікатныя духі. □ — Ды што той гарадскі харч! Ён можа і далікатны, але наедку з яго мала. Лынькоў. — От хоць раз найграешся, Піліп... — Не кажы ты — вельмі далікатную музыку люблю. Скрыган.

[Ад фр. délicat.]

далікатэ́с, ‑у, м.

Рэдкая, прыемная на смак ежа. Такія па сваіх рэцэптах вынайшаў далікатэсы, Якіх не смакавалі нават каралі. Валасевіч.

[Фр. délicatesse.]

далікатэ́сны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да далікатэсу, з’яўляецца далікатэсам. Далікатэсныя кансервы. Далікатэсныя гатункі капусты.

даліка́ціцца, ‑качуся, ‑кацішся, ‑каціцца; незак.

Разм. Далікатна абыходзіцца з кім‑, чым‑н. Яшчэ і сёння між калгаснікаў ідуць спрэчкі аб тым, ці варта было гаціць такую процьму грошай на гэту механіку. Маўляў, чаго ўжо так далікаціцца з тымі каровамі... Палтаран.

даліка́цтва, ‑а, н.

Ветлівасць, ласкавасць, паслужлівасць; тонкасць у манеры абыходжання, размове. З далікацтва і з пачуцця чалавечнасці, а галоўным чынам у надзеі атрымаць на паўкварты, Рутовіч ішоў побач з вызваленымі. Колас. Раніцай гаспадыня запрасіла паснедаць. Госці не адмаўляліся — не да далікацтва! Новікаў.

далі́на, ‑ы, ж.

Раўніна, вялікая ўпадзіна паміж гор ці узгоркаў. Снег на палях растаў, толькі ў далінах застаўся ляжаць шэрым насцілам. Каваль. Тут вочы ўпіраюцца ў недалёкае ўзвышша, якое градою праходзіць уздоўж балоцістай даліны. Пестрак. З пагорка ўніз, у бок даліны, Збягае сцежка між кустоў. Колас.