Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сігілагра́фія, ‑і, ж.

Тое, што і сфрагістыка.

[Ад лац. sigillum — пячатка і грэч. graphō — пішу.]

сі́гма, ‑ы, ж.

Назва літары грэчаскага алфавіта Σ, якая абазначае гук «с»; у матэматыцы — абазначае суму.

[Грэч. sigma.]

сігна́л, ‑у, м.

1. Умоўны знак (зрокавы або гукавы) для перадачы якога‑н. паведамлення, распараджэння, каманды і пад. Сігнал паветранай трывогі. Сігналы дакладнага часу. Дарожныя сігналы. □ Яфрэйтар стаяў каля акна і нецярпліва чакаў сігналу да адпраўкі эшалона. Мележ. Вечаровую цішыню прарэзалі зазыўныя гукі трубы гарніста — сігнал на новы паход... Каваль. Па сігналу ракеты байцы ўварваліся ў вёску. Краўчанка. // перан. Тое, што з’яўляецца прычынай для якога‑н. дзеяння ў адказ, служыць заклікам да чаго‑н. Забойства Бандароўны паслужыла сігналам для ўзброенага паўстання. Шкраба. Акупанты.. сталі збіраць сейбітаў. Каб загнаць іх за драты лагераў і там замарыць ці завезці ў Нямеччыну. Гэта стала сігналам на масавы выхад. Брыль.

2. перан. Папярэджанне, паведамленне аб чым‑н. непажаданым. Дзімін чакаў яго з неўсвядомленай трывогай — начальства часцей з’яўлялася на завод, калі былі якія сігналы. Карпаў. Сігнал — не жартачкі! Камісія, вядома, прыехала ў саўгас, праверку пачала. Корбан.

3. Спец. Імпульс або група імпульсаў электрамагнітнай энергіі.

[Ням. Signal ад лац. signum— знак.]

сігналізава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад сігналізаваць.

сігналізава́цца, ‑зуецца; незак.

Зал. да сігналізаваць.

сігналізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак.

1. Падаць (падаваць) сігнал (у 1 знач.), паведаміць (паведамляць) сігналам што‑н., аб чым‑н. Сігналізаваць ракетай. Сігналізаваць аб набліжэнні самалёта. □ Аб гэтых перакатах [на дне Прыпяці] сігналізуюць бакеншчыкі ў тэхнічны ўчастак, а ўчастак, у сваю чаргу, паведамляе яму, Гарышнаму. Ракітны. Я падказваў, а Сяргей сігналізаваў пальцамі: множ першы дроб на дваццаць сем. Жычка.

2. перан. Папярэдзіць (папярэджваць), паведаміць (паведамляць) пра што‑н. непажаданае. Пачалі зніжацца надоі — і даярка.. Соф’я Заяц сігналізуе аб гэтым. «Звязда». Мала сігналізаваць аб тым ці іншым праліку, важна прыняць рэальныя меры, каб пралікі ліквідаваць. «Помнікі».

сігналіза́тар, ‑а, м.

Прылада для сігналізацыі; частка прылады, прызначаная для сігналізацыі. Аўтаматычны сігналізатар. Пажарны сігналізатар.

сігналізацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для падачы сігналаў (у 1 знач.). Сігналізацыйная прылада. Сігналізацыйны сцяжок.

сігналіза́цыя, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сігналізаваць.

2. Сістэма сігналаў, якая прымяняецца дзе‑н. Гукавая сігналізацыя. Марская сігналізацыя.

3. Прыстасаванне для падачы сігналаў. Загадалі выключыць святло [немцы] па ўсёй пуцявой сігналізацыі, у семафорах, у стрэлках, у воданапорных калонках. Лынькоў.

сігналі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Ваеннаслужачы, абавязкам якога з’яўляецца падача ўстаноўленых сігналаў.