сігна́л, ‑у, м.
1. Умоўны знак (зрокавы або гукавы) для перадачы якога‑н. паведамлення, распараджэння, каманды і пад. Сігнал паветранай трывогі. Сігналы дакладнага часу. Дарожныя сігналы. □ Яфрэйтар стаяў каля акна і нецярпліва чакаў сігналу да адпраўкі эшалона. Мележ. Вечаровую цішыню прарэзалі зазыўныя гукі трубы гарніста — сігнал на новы паход... Каваль. Па сігналу ракеты байцы ўварваліся ў вёску. Краўчанка. // перан. Тое, што з’яўляецца прычынай для якога‑н. дзеяння ў адказ, служыць заклікам да чаго‑н. Забойства Бандароўны паслужыла сігналам для ўзброенага паўстання. Шкраба. Акупанты.. сталі збіраць сейбітаў. Каб загнаць іх за драты лагераў і там замарыць ці завезці ў Нямеччыну. Гэта стала сігналам на масавы выхад. Брыль.
2. перан. Папярэджанне, паведамленне аб чым‑н. непажаданым. Дзімін чакаў яго з неўсвядомленай трывогай — начальства часцей з’яўлялася на завод, калі былі якія сігналы. Карпаў. Сігнал — не жартачкі! Камісія, вядома, прыехала ў саўгас, праверку пачала. Корбан.
3. Спец. Імпульс або група імпульсаў электрамагнітнай энергіі.
[Ням. Signal ад лац. signum— знак.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)