даўнава́та, прысл.
Разм. Даволі даўно. А жыла асоба гэта Не сягоння, — даўнавата, Калі шмат было паэтаў, А паэзіі не надта. Крапіва. Тут Зося не была даўнавата, і таму нават знаёмы шэра-блакітны гмах здаўся ёй па-новаму прыгожым — асабліва стройным і дарагім. Карпаў.
да́ўнасць, ‑і, ж.
1. Аддаленасць у мінулае да моманту ўзнікнення, завяршэння чаго‑н. Падзеі немалой даўнасці. □ Копаць на сценах была стогадовай даўнасці. Гамолка. // Разм. Даўнія часы, старадаўнасць. У даўнасці тут лясы былі непраходныя, а на гэтым месцы, дзе коні пасуцца, — балота гнілое і называлася яно Камарыным. Лупсякоў.
2. Працягласць існавання чаго‑н. Гісторыя нашай дзіцячай літаратуры мае ўсяго толькі паўвекавую даўнасць. Пшыркоў.
3. Пэўны тэрмін, на працягу якога могуць быць заяўлены якія‑н. патрабаванні або па сканчэнні якога траціцца ці набываецца якое‑н. права. Суд не ўзяўся за справы, спасылаючыся на хісткія доказы і на даўнасць часу некаторых фактаў. Лынькоў.
даўне́й, прысл.
Некалі, у далёкім мінулым. Даўней на рукі было шмат мукі. З нар.
даўне́йшы, ‑ая, ‑ае.
1. Выш. ст. да прым. даўні.
2. Які меў месца, адбыўся некалі, даўней, задоўга да цяперашняга моманту; мінулы. Усё пажоўкла, усё пачарнела, і нібы ад таго вогнішча, нясе нейкім пахам даўнейшага дыму і чаду. Чарот. Усе даўнейшыя сваркі забыліся. Скрыган. // Які існуе здаўна, з даўняй пары. [Якім] трохі згорбіўся, аброс густой серабрыстай шчацінай, .. але ў вачах захавалася тая ж глыбокая, даўнейшая туга. Нікановіч.
3. у знач. наз. даўне́йшае, ‑ага, н. Час, падзеі, якія папярэднічалі сучаснаму; мінулае. Я часта ўспамінаў цябе, даўнейшае, і як гулялі разам. Мурашка.
да́ўні, ‑яя, ‑яе.
1. Які быў, існаваў, адбыўся даўно, задоўга да цяперашняга часу; старадаўні. Даўнія часы. Даўнія парадкі. □ Пра даўні паход Ермака Хлапцы заспявалі ў вагоне. Аўрамчык. // Які існуе даўно, з даўняй пары. Даўні звычай. □ Дацэнт і Валіна маці, як пасля дазнаўся Міхась, былі даўнія знаёмыя. Шахавец. Ужо некалькі гадоў .. [стары] не выходзіў з дому, прыкуты да месца даўняй хваробай. Самуйлёнак.
2. у знач. наз. да́ўняе, ‑яга, н. Час, падзеі, якія папярэднічалі сучаснаму; мінулае. Успомнілася ўсё даўняе, мінулае.
даўніна́, ‑ы, ж.
Разм. Былыя, даўно мінулыя часы; старадаўнасць. Ян разгаварыўся, пачаў успамінаць даўніну і, здаецца, на гэты час забыў сваё гора. Чарнышэвіч. Гэты голас з даўніны глыбокай песні інкаў да мяне прынёс. А. Вольскі.
да́ўнішні, ‑яя, ‑яе.
Тое, што і даўні (у 1 знач.). Даўнішнія сябры. □ Косця адчуваў, як недзе на душы пачынае ажываць даўнішняя нялюбасць, злосць і непавага да Жвіра. Адамчык.
даўно́, прысл.
1. Раней, задоўга да цяперашняга часу. Растрэслі адзенне лясы, Даўно адцвілі верасы І травы павялі. Колас. Толя, які даўно прывык да бацькоўскіх загадаў старога, больш не супраціўляўся. Брыль.
2. На працягу доўгага часу, здаўна і да цяперашняга моманту. Не любяць панскай яны ўлады, Даўно чакаюць нейкіх змен. Колас. Ужо даўно працякаў дах, прагнілі некаторыя дошкі ў вагоне. Лынькоў.
даўноміну́лы, ‑ая, ‑ае.
Які існаваў, адбыўся ў далёкім мінулым. Даўномінулыя падзеі.
•••
Даўномінулы час гл. час.
даўны́м-даўно́, прысл.
Разм. Вельмі даўно. Даўным-даўно, яшчэ пры панах, на беразе Зялёнага возера стаяў прыгожы маёнтак. Ваданосаў. Некалі, даўным-даўно, жыў у адной вёсцы працавіты селянін Саўка. С. Александровіч.