Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дабрачы́нніца, ‑ы, ж.

Жан. да дабрачынец.

дабрачы́нны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дабрадзейны.

дабрая́каснасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дабраякаснага. Дабраякаснасць прадукцыі.

дабрая́касны, ‑ая, ‑ае.

1. Добры, прыгодны па якасці. Дабраякасны матэрыял. Дабраякасная работа.

2. Спец. Які не пашыраецца і паддаецца лячэнню; проціл. злаякасны. Дабраякасная пухліна.

дабро́, ‑а, н.

1. Усё добрае, станоўчае; проціл. зло, ліха. Уяўленні аб дабры і зле так мяняліся ад народа да народа, ад веку да веку, што часта прама супярэчылі адно аднаму. Энгельс. // Удача, поспех. Я табе раю, як прыяцель, які хоча табе дабра. Чорны. Ад ліха ціха і дабра не чуваць. Прыказка.

2. Добрыя справы, учынкі. Шмат дабра потым рабіў Рымша бедным людзям: і грашамі памагаў, і ад ліхіх паноў бараніў. Якімовіч.

3. Разм. Маёмасць, пажыткі. Поўны куфар дабра. □ Былі тут розныя будынкі: Гуменцы, гумны і адрынкі, Хлявы і стайні, і аборы, Дабра, набытку былі горы. Колас. // Іран. Пра што‑н. непрыгоднае, непатрэбнае. Такога дабра не трэба і дарма. З нар.

•••

Не давядзе (не давядуць) да дабра гл. давесці ​1.

Не з дабра — не ад добрага жыцця.

Не к дабру — пра тое, што прадказвае нядобрае або можа прывесці да непрыемных вынікаў.

дабро́м, прысл.

Разм. Па-добраму, без прымусу. — Пан дабром нічога не аддасць, — сілай трэба ўзяць. Мурашка.

дабро́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дабротнага. Дабротнасць збудаванняў.

дабро́тны, ‑ая, ‑ае.

Дабраякасны, прыгожы, зручны. [Адзежы] было не вельмі многа.., але ўся дабротная, з шэрсці і шоўку. Арабей. Куды ні глянеш — усюды высяцца дабротныя двух- і трохпавярховыя жылыя дамы з усімі; камунальнымі паслугамі. «Звязда».

дабро́ты,

гл. дабрата (у 2 знач.).

дабрукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.

Закончыць брукаванне чаго‑н.; выбрукаваць да якога‑н. месца. Дабрукаваць вуліцу. Дабрукаваць да павароткі.