Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

выбіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да выбраць.

•••

Вочы выбіраць — з’едліва, здзекліва дакараць.

вы́біты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выбіць.

вы́біўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Спец. Дзеянне паводле дзеясл. выбіваць — выбіць (у 1 знач.).

выбіўны́, ‑ая, ‑ое.

Спец. Зроблены шляхам выбівання, чаканні.

вы́біцца, ‑б’юся, ‑б’ешся, ‑б’ецца; зак.

1. Разм. Выйсці, выбрацца з цяжкасцямі адкуль‑н., куды‑н. Выбіцца з лесу на шлях. □ Пятляючы завулкамі,.. незнаёмы нарэшце выбіўся на вуліцу. Навуменка. // Стаць кім‑н. пасля доўгіх намаганняў. Фёдар.. з простага шафёра выбіўся ў памочнікі галоўнага механіка, жыць яны сталі багацей, часцей траплялася вольная капейка. Кірэенка. // Вызваліцца з чаго‑н., пераадолець што‑н. Выбіцца з галечы.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прабіцца, вылезці з-пад чаго‑н. на паверхню. Выбіўся агонь з-пад страхі. □ Мы пакрочылі па схілу ляснога ўзгорка, збіраючы свежыя пралескі. Іх выбілася тут вельмі шмат. Кірэенка. З-пад хусткі на маршчыны ілба і твару выбіліся пасмы сівых валасоў. Брыль.

3. Разм. Разбіцца (пра шкло). Шыба выбілася.

•••

Выбіцца з графіка — парушыць устаноўлены расклад, графік.

Выбіцца з каляіны (каляі) — перастаць весці звычайнае, прывычнае жыццё.

Выбіцца з сіл — вельмі стаміцца, аслабець, знемагчы.

Выбіцца на дарогу — тое, што і выйсці на дарогу (гл. выйсці).

Выбіцца са сну — доўга не засынаць, часта прачынацца ноччу.

Выбіцца ў людзі — тое, што і выйсці ў людзі (гл. выйсці).

вы́біць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; зак.

1. што. Рэзкім штуршком прымусіць што‑н. выпасці адкуль‑н. Выбіць зброю з рук. Выбіць акно. Выбіць корак з бутэлькі. □ — З нашым братам паляўнічым усё можа здарыцца, — закончыў Лукаш [размову] і выбіў попел з выкуранай люлькі. Пальчэўскі.

2. перан.; каго. Разм. Вывесці каго‑н. са звыклага стану. Выбіць з рытму. □ Сядзець і чытаць далей было ўжо немагчыма. Бацькі выбілі з раўнавагі. Пестрак.

3. што. Здабыць ударамі што‑н. з чаго‑н. Сам камендант стрэліў з пісталета ў сцяну элеватара. Куля выбіла іскру. Хомчанка. // Страляючы, трапіць пэўную колькасць разоў у мішэнь. Выбіць 90 ачкоў са 100. // перан.; з каго-чаго. Дамагчыся чаго‑н. прымусам, біццём. Ні слова не выбілі ворагі з іх [партызан]. Непераможных, магутна-жывых. Кірэенка.

4. каго. Выгнаць, адцясніць непрыяцеля. Наша рота марской пяхоты імклівым ударам выбіла гітлераўцаў са станіцы. Барашка.

5. што. Трасучы, калоцячы, вычысціць што‑н. Выбіць дыван.

6. што. Зрабіць паглыбленне ў чым, на чым‑н. За мостам пачаліся калдобіны, ..тралёвачныя трактары выбілі іх вясной на старой шашы. Пташнікаў. // Вычаканіць, выціснуць. Выбіць медаль. / у перан. ужыв. На скрыжалях шчаслівае вечнасці Выб’юць золатам гэтыя дні. Глебка. // Адціснуць пячатку, штэмпель. Выбіць чэк у касе.

7. што. Знішчыць (пра пасевы, траву). Град выбіў жыта.

8. што. Пракласці яздою, хадзьбою; пратаптаць. Выбіць дарогу па сенажаці. Выбіць сцежку ў жыце. // Утрамбаваць, зрабіць роўным, гладкім. Выбіць ток у гумне. □ [Бацька з Юркам] падлогу пасля пакладуць, а цяпер [дол] глінай выбілі. Пташнікаў.

9. што. Адбіць што‑н. дробным стукам. Выбіць чачотку.

10. што. Разм. Ударамі адлічыць, прабіць пэўны час. Падвешаны на сцяне гадзіннік выбіў дванаццаць. Гартны. На замкавай вежы выбіла гадзіну. Чорны.

11. што. Прынесці адкуль‑н., выкінуць (хвалямі і пад.). Гуляючы, выбіла мора на белы вільготны пясок іржавы патрон ад вінтоўкі. Вялюгін.

12. што. Разм. З цяжкасцямі дамагчыся чаго‑н., атрымаць што‑н.

•••

Выбіць глебу (грунт) з-пад чыіх ног — прымусіць пераканацца ў беспадстаўнасці чаго‑н.; пазбавіць упэўненасці ў чым‑н.

Выбіць што з яго (яе, іх і пад.); выбіць што з галавы — адвучыць ад якіх‑н. звычак, схільнасці і пад., прымусіць адмовіцца ад чаго‑н.

Выбіць з каляіны (каляі) — парушыць прывычны рытм жыцця, звычайны ход спраў.

Выбіць з сядла — а) збіць праціўніка з каня; б) перан. вывесці з прывычнага стану.

вы́бліск, ‑у, м.

Імгненнае яркае святло, полымя. Выбліскі агню. □ Наперадзе былі ўжо добра відаць зарнічныя выбліскі ад стрэлаў батарэй. Мележ.

выблі́скваць, ‑ае.

Незак. да выбліснуць.

вы́бліснуць, ‑не; зак.

Паказацца, ярка засвяціўшыся, заззяўшы. Сонца выбліснула з-за хмары. □ Далёка ўперадзе паказаўся мост, потым з-за ўзгоркаў выбліснула шырокая рака. Алешка.

вы́блытацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Вызваліцца з чаго‑н., што аблытвае ногі, рукі. Выблытацца з калючага дроту.

2. перан. Разм. Выйсці з цяжкага, складанага становішча. Выблытацца з даўгоў. Выблытацца з непрыемнай гісторыі.