асвяці́ць 1, асвячу, асвеціш, асвеціць; зак., каго-што.
1. Зрабіць светлым, напоўніць святлом. Першыя прамені сонца асвяцілі вяршыні дрэў і зазіхацелі на паляне, пакрытай буйнымі кроплямі расы. В. Вольскі. Полымя ад ядлоўцу шуганула высока і асвяціла далёкую бярозу. Пестрак. На завароце .. Святло з фар асвяціла зараснік над ровам. Чорны. // перан. Ажывіць, сагрэць якім‑н. пачуццём і пад. Лёгкая ўсмешка, выкліканая ўспамінамі аб далёкім мінулым, прабегла па.. [Любіных] вуснах, асвяціла вочы, твар. Васілевіч. Не хапае той, якая б асвяціла яго [Веньяміна] жыццё каханнем, стала б другой Палавінай. Навуменка. // перан. Пра думку, здагадку, якая ўзнікла раптоўна. Старасту асвяціла ўрэшце добрая думка. Колас. // перан. Зрабіць светлым, радасным. Загоім раны, адбудуем Свае сялібы зруйнаваны, Сваю Краіну маладую Святлом асвецім нечуваным. Купала.
2. перан. Тое, што і асвятліць (у 3 знач.). Асвяціць у выступленні міжнародныя падзеі. □ Ён [Бародка] жартаваў з людзьмі, цікавіўся, як уладзіліся на начлег, прасіў выступаць, нават падказваў пытанні, якія варта асвяціць сакратару партарганізацыі. Шамякін.
асвяці́ць 2, асвячу, асвяціш, асвяціць; зак., што.
1. Выканаць над чым‑н. царкоўны абрад надання святасці. Асвяціць ваду. Асвяціць пірог.
2. Кніжн. Зрабіць свяшчэнным, ушанаваць.
асвяча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да асвяціць 2.
асвячо́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад асвяціць 2.
асвячэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. асвяціць 2 (у 1 знач.).