асвяці́ць 1, асвячу, асвеціш, асвеціць; зак., каго-што.

1. Зрабіць светлым, напоўніць святлом. Першыя прамені сонца асвяцілі вяршыні дрэў і зазіхацелі на паляне, пакрытай буйнымі кроплямі расы. В. Вольскі. Полымя ад ядлоўцу шуганула высока і асвяціла далёкую бярозу. Пестрак. На завароце .. Святло з фар асвяціла зараснік над ровам. Чорны. // перан. Ажывіць, сагрэць якім‑н. пачуццём і пад. Лёгкая ўсмешка, выкліканая ўспамінамі аб далёкім мінулым, прабегла па.. [Любіных] вуснах, асвяціла вочы, твар. Васілевіч. Не хапае той, якая б асвяціла яго [Веньяміна] жыццё каханнем, стала б другой Палавінай. Навуменка. // перан. Пра думку, здагадку, якая ўзнікла раптоўна. Старасту асвяціла ўрэшце добрая думка. Колас. // перан. Зрабіць светлым, радасным. Загоім раны, адбудуем Свае сялібы зруйнаваны, Сваю Краіну маладую Святлом асвецім нечуваным. Купала.

2. перан. Тое, што і асвятліць (у 3 знач.). Асвяціць у выступленні міжнародныя падзеі. □ Ён [Бародка] жартаваў з людзьмі, цікавіўся, як уладзіліся на начлег, прасіў выступаць, нават падказваў пытанні, якія варта асвяціць сакратару партарганізацыі. Шамякін.

асвяці́ць 2, асвячу, асвяціш, асвяціць; зак., што.

1. Выканаць над чым‑н. царкоўны абрад надання святасці. Асвяціць ваду. Асвяціць пірог.

2. Кніжн. Зрабіць свяшчэнным, ушанаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)