Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

вы́ездзіць, ‑езджу, ‑ездзіш, ‑ездзіць; зак., што.

1. Ездзячы, пабываць у многіх месцах; аб’ездзіць. Сын з армейскай групай самадзейнай Нямала выездзіў мясцін. Гаўрусёў.

2. Утрамбаваць, убіць яздой; уездзіць. Добра выездзіць дарогу.

3. Разм. Ездзячы, дасягнуць якой‑н. мэты. — Таа-к, — уздыхаў Мікода, — ездзілі і нічога не выездзілі. Галавач. // Зарабіць возніцтвам, яздою.

вы́ездка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

Спец. Прывучванне маладога каня хадзіць пад сядлом або ў запрэжцы; аб’ездка (у 2 знач.).

вы́емачны, ‑ая, ‑ае.

Выняты пры капанні, пры ўтварэнні выемкі. Выемачны грунт.

вы́емісты, ‑ая, ‑ае.

Які мае выемкі, выразы.

вы́емка, ‑і, ДМ ‑мцы; Р мн. ‑мак; ж.

1. Паглыбленне, упадзіна. Валік з выемкамі. □ Нібы з зямлі выраслі непадалёку тры чалавечыя фігуры. Яны падняліся з выемкі, успаўзлі па адкосу на палатно, прыўзнялі галовы і доўга пазіралі. Чарот.

2. Працэс капання і пераносу грунту; выманне. Выемка зямлі з катлавана.

вы́енчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.

Разм. Дамагчыся чаго‑н. неадступнымі просьбамі; выпрасіць.

вы́есці, ‑ем, ‑есі, ‑есць; ‑едзім, ‑есце, ‑едуць; пр. выеў, ‑ела; заг. выеш; зак., што.

1. З’есці ўнутраную частку чаго‑н. Выесці начынку з пірага.

2. З’есці ўсё, што знаходзіцца ў чым‑н. Выесці міску крупніку.

3. Разбурыць, пашкодзіць, праесці (аб дзеянні едкіх рэчываў). Кіслата выела дзірку ў тканіне. Дым выеў вочы.

•••

Выесці вочы — надакучыць папрокамі, напамінкамі.

Душу выесці — вельмі надакучыць прыставаннямі, дакорамі.

вы́ехаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; зак.

1. Паехаць, адправіцца куды‑н., за межы чаго‑н. Выехаць у поле. □ Праз гадзіну абоз выехаў з карчомнай стадолы ў дарогу. Чорны. Фурман зняў клункі, куфэрак, развітаўся і выехаў з двара. Пальчэўскі. // Пакінуць сталае ці часовае месца жыхарства; перасяліцца. [Міхал:] — Тварыцкая тут жыве? — Не, — адказаў чалавек, — яна раней тут жыла, цяпер.. зусім выехала. Чорны. Вера з дзецьмі пабыла ў Карніцкіх дзён тры і выехала ў Свярдлоўск, дзе жыла яе родная сястра. Паслядовіч.

2. Едучы, паявіцца дзе‑н., прыехаць. Конь бег шпарка і мы неўзабаве выехалі на лясную паляну. Мурашка.

3. Разм. Плаўна вываліцца, выпасці. Пакет выехаў з рук. □ Заскрэбла аб камень дошка, што выехала з варотцаў. Пташнікаў.

4. перан. Разм. Выкарыстаць якія‑н. акалічнасці, прыёмы ў асабістых мэтах. — Дык вось і я ў гэтай байцы Таксама выеду на зайцы. Корбан.

•••

Выехаць на чужой шыі (спіне і г. д.) — нядобрасумленным спосабам выйсці з цяжкага становішча.

вы́жабраваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Разм. Здабыць што‑н. жабрацтвам; выпрасіць.

выжабро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да выжабраваць.