Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

даку́ль, прысл.

Разм.

1. пытальнае. Да якога месца?, да якога часу?, як доўга? Дакуль вы дайшлі? □ — Дакуль жа, нарэшце, мы будзем прайграваць, скажыце? Гартны.

2. адноснае: а) (далучае даданы сказ месца). Да таго месца, куды... Наперадзе, дакуль вокам кінуць, зелянеюць усходы; б) (далучае даданы сказ часу). Да таго часу, пакуль... — Сход павінен сёння спытаць у Статкевіча, дакуль ён думае парушаць воінскую дысцыпліну. Алешка.

дакульга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Кульгаючы, дайсці да якога‑н. месца. Дакульгаць да лавы.

дакуме́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Дзелавая папера, якая служыць доказам чаго‑н. ці пацвярджае права на што‑н. Апраўдальны дакумент. Прыходныя і расходныя дакументы.

2. Пісьмовае пасведчанне, якое пацвярджае асобу прад’яўніка. У вагоне загаманілі, пасажыры стоўпіліся ў калідоры — ля выхаду з вагона два вайсковыя правяралі дакументы. Хадкевіч. Васіль зайшоў у будку, падаў вартаўніку свой дакумент. Кулакоўскі.

3. Пісьмовы акт, грамата, здымак і пад., якія маюць значэнне гістарычнага паказання, сведчаць аб чым‑н. Архіўныя дакументы. Дакумент гістарычнай важнасці. □ У штабе атрада мне паказалі адзін з шматлікіх дакументаў мужнасці. Два лісточкі паперы, на якіх .. Гаварылася аб змаганні і смерці васемнаццаці герояў пагранічча. Брыль.

[Ад лац. documentum — доказ.]

дакументава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дакументаваць.

дакументава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да дакументаваць.

дакументава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.

Абгрунтавана (абгрунтоўваць) дакументамі.

дакументалі́зм, ‑у, м.

Выкарыстанне ў творах мастацтва рэальных фактаў, падзей.

дакументалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Пісьменнік, мастак, які працуе над дакументальнымі творамі.

дакументалі́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Сукупнасць дакументальных твораў мастацтва. Дакументалістыка ў нас займае добрую долю ў кніжнай прадукцыі, што выпускаецца выдавецтвамі. «Полымя».

дакумента́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дакументальнага. Дакументальнасць твора.