выдыха́нне 1, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. выдыхаць 1 — выдыхнуць.
2. Тое, што і выдых.
выдыха́нне 2, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. выдыхаць 2 — выдахнуць.
выдыха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да выдыхнуцца.
вы́дыхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Акрыяць, паправіцца. На згоне зімы летась вось так аб’язджаў жарабка, скінуўся, дык цэлы месяц пракачаўся ў пасцелі, ледзь выдыхаў. Ляўданскі. // што. Перажыць, перанесці.
выдыха́ць 1, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да выдыхнуць.
выдыха́ць 2, ‑а́е.
Незак. да выдахнуць.
вы́дыхнуты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выдыхнуць.
вы́дыхнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Патраціць усе сілы, знясілець. Відаць, выдыхнуліся яны [англічане з французамі] толькі на адной атацы, і закончылася іх наступленне. Машара.
вы́дыхнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., што.
Выштурхнуць паветра з лёгкіх пры дыханні. — Уф-ф-фф! — выдыхнула паненка, паставіла пасудзінку і, памахаўшы рукамі, быццам яны замерзлі, пажалілася: — Цяжка! Карпюк. // Разм. Вымавіць вельмі хутка, адным выдыхам. — Добры вечар, — выдыхнула Ганна, і вочы яе ўспыхнулі радасцю. Лупсякоў.
вы́едзены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад выесці.
2. у знач. прым. Пусты, апарожнены.
•••
Не варты выедзенага яйца гл. варты.
вы́езд, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Дзеянне паводле дзеясл. выязджаць (у 1 знач.).
2. Месца, праз якое выязджаюць адкуль‑н., куды‑н. Выезд на шашу. □ Ціток абышоў усю гэту круговіну лесу, агледзеў, як дбалы гаспадар, усе пад’езды і выезды. Лобан. Мільгаюць голыя дрэвы, руіны, новыя домікі, людзі... Пасля мы ныраем пад арку на выездзе з гарадка. Брыль.
3. Уст. Коні з экіпажам і вупражжу. І жартавалі мы, што мае Ян Уласны выезд, як вялікі пан. Зарыцкі.
вы́езджаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад выездзіць.
2. у знач. прым. Утрамбаваны, убіты яздой; уезджаны, наезджаны. Сцежка.. прашылася праз гушчар і выбегла на выезджаную лясную дарогу. Адамчык.
вые́зджваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да выездзіць.