Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

выдвара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да выдварыць.

вы́дварыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.

Прымусіць пакінуць месца прабывання; выселіць. // Прымусіць пакінуць якое‑н. месца, памяшканне. Малечы набілася, праўда, поўна, але самых маладых дзядзька Пракоп, якому не трэба было грыміравацца, выдварыў з памяшкання. Сабаленка.

выдварэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. выдвараць — выдварыць.

вы́дзел, ‑у, м.

Частка маёмасці, атрыманая ў карыстанне кім‑н.

вы́дзелены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выдзеліць.

вы́дзеліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; зак.

1. Выйшаўшы са складу чаго‑н., адасобіцца, стаць самастойным. Выдзеліцца з абшчыны.

2. Вылучыцца якім‑н. чынам сярод іншых. Выдзеліцца сваімі здольнасцямі. □ З усіх галасоў выдзеліўся густы і моцны, як заводскі гудок, бас параненага з павязкай на галаве. Мележ.

3. Выйсці, выступіць на паверхню (з арганізма, са складанага саставу).

вы́дзеліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.

1. Вылучыць з агульнай масы для якой‑н. мэты. Выдзеліць падводы для вывазкі дроў. Выдзеліць звеннявых. // Адзначыць якім‑н. чынам. Выдзеліць асноўную думку. □ Косця быў першы, каго Марынка тут нейкім чынам выдзеліла з астатніх. Шыцік.

2. Аддаць у карыстанне. Выдзеліць сыну частку маёмасці. □ Праўленне калгаса выдзеліла.. [Нямку] хатку ля канюшні. Кулакоўскі.

3. Вывесці на паверхню (з арганізма, са свайго саставу). Выдзеліць пот. Выдзеліць вуглякіслы газ. Выдзеліць цяпло.

вы́дзерты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выдзерці.

вы́дзерці, ‑дзеру, ‑дзераш, ‑дзера; зак.

Тое, што і выдраць.

вы́дзеўбаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад выдзеўбаць.