Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мана́ткі, ‑аў; адз. няма.

Разм. Рэчы, пажыткі, скарб. У нядзелю Антось прывёз хлопцаў з усімі манаткамі ў Яўхімаву хату. С. Александровіч. [Ляснічы:] — Ну, чалавеча, Збірай манаткі і ў Парэчча За добры час перабірайся! Колас.

[Ад лац. manata — жменя, ручная ноша.]

манато́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць манатоннага. Манатоннасць голасу. Манатоннасць жыцця.

манато́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Аднатонны, аднастайна. З залы чуваць быў гул галасоў, які зліваўся ў нейкі манатонны гуд. Бядуля.

2. перан. Не разнастайны; нудны. Манатонная работа. Манатоннае жыццё.

манаты́п, ‑а, м.

Друкарская наборная машына, якая адлівае набор асобнымі літарамі.

[Ад грэч. mónos — адзін і týpos — адбітак.]

манатыпі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Наборшчык, які працуе на манатыпе.

манатыпі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да манатыпіст.

манаты́пны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да манатыпа. Манатыпная лента. // Зроблены на манатыпе. Манатыпны набор.

манафтангі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да манафтонга; які з’яўляецца манафтонгам. Манафтангічныя гукі.

манафто́нг, ‑а, м.

У мовазнаўстве — просты галосны гук, які ў працэсе свайго гучання не распадаецца на два элементы.

[Ад грэч. mónos — адзін і phthongos — гук.]

мана́х, ‑а, м.

Член царкоўнай абшчыны, які жыве ў манастыры, даўшы абяцанне весці аскетычны спосаб жыцця. Незадоўга да вайны з горада прыязджалі да возера манахі. Галавач. // Разм. Аб мужчыне, які вядзе адзінокі, аскетычны спосаб жыцця. — [Дубейка:] — Калега — манах. Ён любіць глуш і адзіноцтва і хоча жыць пустэльнікам. Колас.

[Ад грэч. monachos — адзінокі, які жыве ў адзіноце.]