Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ку́дзер, ‑а, м.

Разм. Кучаравая пасма валасоў; локан. Малое кранула залацістыя кудзеры, правяло пальцам па ямачках на шчоках і весела ўсклікнула. Няхай.

ку́дзерка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

1. часцей мн. (ку́дзеркі, ‑рак). Кучаравыя або накручаныя валасы. Аня была дзяўчына невысокая, гібкая, са зграбнай постаццю, ружова-смуглявым тварам і не надта цёмнымі валасамі, якія завіваліся кудзеркамі. Карпюк.

2. Абл. Невялікі вузкі ўчастак лесу. Цімохава сядзіба стаяла на горцы каля кудзеркі невялічкага кучаравага сасонніку. Колас.

ку́дла, ‑ы, ж.

Разм.

1. Тое, што і кудлач.

2. Пра кудлатую жанчыну.

кудла́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З доўгімі скалмачанымі валасамі; лахматы. Мельнік задумліва глядзіць на касцёр, ківае кудлатай галавой. Асіпенка. // Ускалмачаны, разлахмачаны (пра валасы). Зараз жа прыйшоў і Антоніо, ладны хлопец з кудлатымі чорнымі валасамі. Маўр. // перан. Разм. З доўгімі і густымі галінамі (пра дрэвы). Толькі гайданецца часам галіна і пасыпецца з кудлатае хвоі срэбны пух. Лынькоў. // перан. Разм. Які распаўзаецца ў розныя бакі клубамі (пра дым, хмары і пад.). Толькі вецер гнаў услед кудлатыя хмары і свістаў ля вушэй. Пестрак.

2. З доўгай густой поўсцю; касматы. Кудлаты сабака.

кудла́ціцца, ‑лачуся, ‑лацішся, ‑лаціцца; незак.

Разм.

1. Станавіцца кудлатым. Валасы кудлацяцца. □ Па небе сунуліся рваныя кудзелістыя хмары, і што ні хвіліна, то, здавалася, спускаліся ніжэй, кудлаціліся. Карпаў.

2. Зал. да кудлаціць.

кудла́ціць, ‑лачу, ‑лаціш, ‑лаціць; незак., каго-што.

Разм. Рабіць кудлатым. Кудлаціць валасы. □ І раптам, калі налятаў вецер і кудлаціў вершаліны дрэў, Алеся апаноўвала трывога. Броўка.

кудла́ч, ‑а, м.

Разм. Пра чалавека з ускалмачанымі валасамі або пра жывёлу з густой поўсцю; касмач. Сам гаспадар, кудлач заспаны, Ідзе на стук неспадзяваны Хадою важнаю індыка. Колас.

кудла́чанне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. кудлаціць, кудлачыць.

кудла́чыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак.

Разм. Тое, што і кудлаціцца.

кудла́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

Разм. Тое, што і кудлаціць. Байкоў нервова кудлачыў рукой валасы. Шамякін. Восеньскі вецер буяніў над шэрымі прасторамі, гнаў і кудлачыў у небе густыя хмары, шматаў кусты за канавай. Быкаў.