Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дама́цацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак., чаго.

Разм. Мацаючы, знайсці патрэбнае, намацаць. Ніяк не дамацацца пульсу.

дамача́дцы, ‑аў; адз. дамачадзец, ‑дца, м.

Уст. Члены сям’і, а таксама людзі, якія жывуць у доме на правах членаў сям’і. Ніхто не ведае, колькі я нацярпеўся ад сваіх дамачадцаў праз тое, што легкадумна, як яны лічылі, ставіўся да свайго здароўя. Ляўданскі.

дамачы́ць, ‑мачу, ‑мочыш, ‑мочыць; зак., што.

Даць магчымасць вымакнуць да канца, да патрэбнай ступені. Дамачыць лён. Дамачыць лыка.

дама́шні, ‑яя, ‑яе.

1. Прызначаны для задавальнення бытавых патрэб у доме. Дамашні тэлефон. Дамашнія туфлі. □ Убачыўшы паважную жанчыну ў багатым дамашнім халаце, чалавек у цывільнай вопратцы памякчэў, зняў капялюш. Машара. // Звязаны з доглядам дома, сям’і і пад. Справіць дамашнюю работу.

2. Зроблены, прыгатаваны дома, у сваёй гаспадарцы; не куплены. Дамашні хлеб. □ Злева перад сцэнаю, якая была збіта з новых смалістых дошак і завешана заслонаю з дамашніх тканін, сядзелі музыкі. Гартны. // Прызначаны для выканання дома. Дамашняе заданне.

3. Сямейны, прыватны. Дамашні настаўнік. Дамашняе выхаванне. Дамашнія абставіны. □ Дзядзька Марцін паехаў араць, а Лабановіч некаторы час сядзеў і слухаў навіны дамашняга жыцця. Колас.

4. у знач. наз. дама́шнія, ‑іх. Члены сям’і; асобы, якія жывуць з кім‑н. разам. Надышла цішыня: дамашнія вячэралі. Мележ.

5. Свойскі, не дзікі (пра жывёл, птушак). Валяліся пярыны, падушкі, самакаты, труны розных дамашніх жывёл. Шамякін.

•••

Дамашні арышт гл. арышт.

да́мба, ‑ы, ж.

Штучны насып для засцярогі мясцовасці ад затаплення, для абгароджвання вадасховішч і пад. Насыпаць дамбу. □ Сажалкі аддзелены адна ад адной землянымі дамбамі, на якіх расце высокая трава. А. Вольскі.

[Ад гал. dam.]

дамбра́,

гл. домбра.

дамбры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Музыкант, які іграе на домбры.

даме́н, ‑а, м.

Асабістае зямельнае ўладанне феадала ў Заходняй Еўропе ў сярэднія вякі.

[Фр. domaine.]

даме́раць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Дакончыць абмер, вымярэнне чаго‑н.; абмераць, вымераць да канца ці да якога‑н. месца. Дамераць зямельны ўчастак.

2. Разм. Дабавіць да таго, што адмерана; адмераць, намераць поўнасцю. Дамерай яшчэ пяць метраў. Дамерай дзве кварты.

даме́рванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дамерваць — дамераць.