Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сі́вер, ‑у, м.

Разм. Халодны паўночны пранізлівы вецер. Хмурна. Золка. Вецер-сівер Да касцей праймае. Колас. Толькі першыя замаразкі ды калючы паўночны сівер сведчылі аб набліжэння недалёкай зімы. Якімовіч. Вільготны сівер балюча біў у твар рэдкімі шрацінамі граду. Шамякін.

сі́вераць, ‑ае; незак.

Разм. Рабіцца шурпатым, асмуглым, грубець ад ветру, холаду (звычайна пра скуру на твары, руках і пад.). Пах лесу ў Мсціжы пачынала прыносіць.. на згон зімы, калі ў доўгія, па тыдні, адлігі адтавалі сосны і чарсцвелі, высыхаючы на калючым, суровым ветры, ад якога трэскаюцца рукі і сіверае твар. Пташнікаў.

сі́веркі, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і сіверны. На голым.. схіле дзьмуў сіверкі марозны вецер. Быкаў.

сі́верна, безас. у знач. вык.

Ветрана (пра халодны рэзкі марозны вецер). Сіверна, марозна на дварэ. □ На дварэ стала сіверна, шчыпала за шчокі, зліпаліся вейкі. Гурскі.

сі́верны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Паўночны (пра вецер); халодны з рэзкім пранізлівым ветрам (пра пагоду). На дварэ за вугламі па-воўчы скавытаў халодны сіверны вецер. Нікановіч. Пазней.. [Аляксей] бачыў сіверную, віхурную зіму пад Сталінградам у новай танкавай брыгадзе, якая яшчэ не была ў баях. Мележ.

сіве́ц, сіўцу, м.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства злакаў з цвёрдым шчацінападобным сцяблом, якая сустракаецца на дрэннай пашы, лузе. За шляхам, што вёў у Старочын, ляжаў абшар пяску, парослы рэдзенькім сіўцом. Чарнышэвіч. Там [на пустыры] нават трава людская не расце. Адзін сівец з быльнягом толькі раскашуюцца ўлетку. Якімовіч.

сіве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Рабіцца сівым. «Ці то сівець пачаў [Глеб], ці то проста святло на валасах пераліваецца... Мы ж амаль равеснікі», — падумаў Макар. Дуброўскі. Дармо, што сівеюць мае аднагодкі — вучы нас, краіна, сягоння нанова! Вялюгін.

2. Віднецца, вылучацца здалёк (пра што‑н. шаравата-белае, сівое); шарэць. Сівелі ўзгоркі ад палыну і шэрай квецені лебяды, іржа кепскага шчаўя зацягнула пожні. Хадкевіч. Яшчэ не прыбіты дажджом попел сівеў на тым месцы, дзе стаялі хата і хлевушок. Кулакоўскі.

сівізна́, ‑ы, ж.

1. Сівыя валасы; сівы колер валасоў. [Бондар] выглядаў старэй за свае гады, бо сівізна ўжо ўбілася ў яго густыя чорныя вусы і пабяліла скроні. Чарнышэвіч. Сівізна ў бараду, а чорт у рабрыну. Прымаўка. // Пра старасць. І Даніла так правёў усё жыццё, — год за годам, адзін дзесятак за другім, — аж да сівізны. Бядуля.

2. перан. Шаравата-белы налёт па чым‑н.; шаравата-белы колер, афарбоўка чаго‑н. Сівізна старых камянёў. □ З кустоў і травы знікала сівізна замаразкаў. М. Ткачоў. Сасонкі яшчэ невысокія, але ўжо ўвабраліся ў сілу. Пасля дажджу адліваюць сівізной. Навуменка.

3. Сівінка ў футры. Собаль з сівізной. □ [Дзед:] «Ваш бабёр, свет Мікалаевіч, чагосьці»... «Ну, кажыце!».. — «Сівізна па ім пайшла.» Я здзівіўся: то ж на футры, ягамосці, сівізна якраз каштоўнасцю й была. Вялюгін.

4. перан. Даўніна, старажытнасць. Каб легенды глухой сівізны мне з даверам дубы шапталі. Бураўкін.

сіві́ла, ‑ы, ж.

У старажытных грэкаў, рымлян, яўрэяў і некаторых іншых народаў — адна з легендарных жанчын-прарочыц.

[Грэч. sibylla.]

сіві́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм.

1. Сівы волас. Вось гэты высокі стары з чорнай барадой і такімі ж чорнымі, без адзінай сівінкі, валасамі — старшы конюх калгаса. Шамякін.

2. перан. Шаравата-белы колер, афарбоўка чаго‑н. Лісце з сівінкай. Вінаград з сівінкай.

3. Лёгкая сівізна ў футры. Каракуль з сівінкай.