сівізна́, ‑ы, ж.

1. Сівыя валасы; сівы колер валасоў. [Бондар] выглядаў старэй за свае гады, бо сівізна ўжо ўбілася ў яго густыя чорныя вусы і пабяліла скроні. Чарнышэвіч. Сівізна ў бараду, а чорт у рабрыну. Прымаўка. // Пра старасць. І Даніла так правёў усё жыццё, — год за годам, адзін дзесятак за другім, — аж да сівізны. Бядуля.

2. перан. Шаравата-белы налёт па чым‑н.; шаравата-белы колер, афарбоўка чаго‑н. Сівізна старых камянёў. □ З кустоў і травы знікала сівізна замаразкаў. М. Ткачоў. Сасонкі яшчэ невысокія, але ўжо ўвабраліся ў сілу. Пасля дажджу адліваюць сівізной. Навуменка.

3. Сівінка ў футры. Собаль з сівізной. □ [Дзед:] «Ваш бабёр, свет Мікалаевіч, чагосьці»... «Ну, кажыце!».. — «Сівізна па ім пайшла.» Я здзівіўся: то ж на футры, ягамосці, сівізна якраз каштоўнасцю й была. Вялюгін.

4. перан. Даўніна, старажытнасць. Каб легенды глухой сівізны мне з даверам дубы шапталі. Бураўкін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)