Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дарасці́, ‑расту, ‑расцеш, ‑расце; ‑расцём, ‑расцяце; пр. дарос, ‑расла, ‑ло; зак.

1. Растучы, дасягнуць якой‑н. вышыні. Дрэва дарасло да страхі.

2. Дасягнуць якога‑н. узросту. Хаце гэтай было ўжо год пад восемдзесят, калі Люба дарасла да свайго юнацтва. Чорны. // перан.; (звычайна з адмоўем). Развіцца ў дастатковай ступені, дасягнуць патрэбнага ўзроўню. А тых, што спалохаліся і ўцяклі, ніхто не шкадаваў і не ўспамінаў — значыць, не вытрымалі першы экзамен, не дараслі, каб насіць пачэснае імя будаўніка. Грахоўскі.

дарашава́ты, ‑ая, ‑ае.

Шараваты (пра масць каня). Невялікі дарашаваты конік стараўся з усіх сіл і імчаў наўгалоп. Карпаў.

дарва́цца 1, ‑рвецца; зак.

Разм. Канчаткова парвацца, знасіцца (пра адзенне, абутак і пад.).

дарва́цца 2, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

Разм. Атрымаць доступ, дабрацца да чаго‑н. вельмі жаданага, патрэбнага. Пачынкаўцы добра ведалі Сцёпкаву прагу да кніг і, сустракаючы яго з такой ношкай, жартавалі: — Дарваўся ты, Сцёпка, да свайго! Пальчэўскі. Мы ўправіліся з машынай і, змораныя, павалакліся на кухню. Там дарваліся да вады і пілі, пілі і не маглі здаволіцца. С. Александровіч.

дарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак.

1. Скончыць ірваць; сарваць, абарваць усё, да канца. Дарваць апошнія кветкі.

2. Разм. Канчаткова парваць, знасіць (пра адзенне, абутак і пад.). Дарваць чаравікі. □ Неўзабаве, яшчэ да прымаразкаў, бялізна сама падзерлася так, што Алесю прыйшлося аднойчы ў нядзелю проста дарваць яе на кавалкі. Брыль.

дарвіні́зм, ‑у, м.

Вучэнне аб гістарычным развіцці жывой прыроды, аб паходжанні відаў жывёл і раслінных арганізмаў шляхам натуральнага адбору.

•••

Сацыяльны дарвінізм — рэакцыйная плынь у буржуазнай сацыялогіі, якая пераносіць прынцып барацьбы за існаванне на вобласць грамадскіх з’яў і адносін.

[Ад імя заснавальніка Чарлза Дарвіна.]

дарвіні́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік дарвінізму.

дарвіні́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да дарвініст.

даргі́нец,

гл. даргінцы.

даргі́нка,

гл. даргінцы.

даргі́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да даргінца, даргінцаў, належыць ім. Даргінскія звычаі. Даргінская мова.