Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дагартава́цца, ‑туецца; зак.

Дасягнуць патрэбнага гарту. Сталь дагартавалася.

дагартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.

Скончыць гартаванне чаго‑н.; давесці да патрэбнага гарту. Дагартаваць нож.

дагарто́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дагартоўваць — дагартаваць.

дагарто́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да дагартавацца.

2. Зал. да дагартоўваць.

дагарто́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дагартаваць.

дагарто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дагартоўваць — дагартаваць.

дагары́, прысл.

На спіне, на спіну. Легчы дагары. □ [Міша] ляжаў дагары і моўчкі назіраў, як у блакітнай вышыні плыла маленькая хмарка. Пальчэўскі. // Угору, уверх. Паставіць кубак дагары дном. □ Як ні ары, абы чорным дагары. З нар.

•••

Дагары нагамі — а) на спіну, уверх нагамі (паваліцца, паляцець і пад.); б) у перавернутым, перакручаным становішчы, нізам уверх. У вадзе адлюстроўваліся ліпы, дамы, рыштаванні. Але дагары нагамі. Грамовіч; в) зусім процілегла таму, як павінна было б быць (пра ход якіх‑н. спраў, парушэнне звычайнага парадку). Адбылася другая рэвалюцыя, і прадпрыемства пайшло дагары нагамі. Чорны.

дагарэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Які дагарэў, перастаў гарэць.

дагарэ́ць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Згарэць да канца ці да якога‑н. месца. Хата дагарэла. Адна абкураная печ сіратліва стаяла на вогнішчы. Шамякін. Вэня.. трымаў рукі ў саломе, пакуль запалка не дагарэла да пальцаў. Чорны.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Перастаць свяціцца; патухнуць. А зара як дагарыць, Усё звоняць камары. Танк.

3. перан. Зачахнуць, памерці. Увосень здароўе Зосі вельмі пагоршылася, і яна дагарэла, як свечка, на віду ў любага чалавека. Сабаленка.

дагаса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да дагаснуць.