даве́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да давеяць.
даве́ку, прысл.
Да канца жыцця; заўсёды. Я — вам любоў даю ў павадыры: Нясіце ў чысціні яе давеку, Нясіце заўтрашняму чалавеку яе крылатасць і яе дары. Гаўрусёў. Маленькі сабачка давеку шчаня. Прыказка.
даве́р, ‑у, м.
Тое, што і давер’е. Відаць, у падзяку за давер, Саша хацеў расказаць пра дзяўчыну як можна больш харошага і прыемнага. Кулакоўскі.
даве́ранасць, ‑і, ж.
Тое, што і даручэнне (у 2 знач.). Даверанасці, якія выдаюцца грамадзянамі, засведчваюцца ў натарыяльным парадку. Грамадзянскі працэсуальны кодэкс БССР. Цётка Куліна аформіла даверанасць, я ўзяў у Васіля сумку і пайшоў у Рудню па пісьмы і газеты. Жычка.
даве́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад даверыць.
2. у знач. прым. Надзелены давер’ем. Аксён Каль выступаў ад грамады як давераная асоба. Колас.
3. у знач. наз. даве́раны, ‑ага, м. Асоба, якая дзейнічае па чыім‑н. даручэнні. Выбраць давераных. Давераны ў справах.
даве́р’е, ‑я, н.
Пераконанасць у чыёй‑н. шчырасці, чэснасці, добрасумленнасці і заснаваныя на іх адносіны да каго‑, чаго‑н. Карыстацца давер’ем. Заслужыць давер’е. Страціць давер’е. Апраўдаць давер’е. □ Так была наладжана сувязь з калгасам, і гэтай сувязі [Цімох] стараўся не губляць, наадварот, ён яшчэ болей замацоўваў яе, заваёўваючы давер’е з боку асобных калгаснікаў. Колас.
•••
Увайсці (уцерціся) у давер’е гл. увайсці.
даве́рлівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць даверлівага. Дзіцячая даверлівасць. □ Таццяна радасна ажывілася — ёй надзвычайна прыемна было, што Зелянюк ставіцца да яе з шчырай даверлівасцю і нават радзіцца з ёй. Зарэцкі.
даве́рлівы, ‑ая, ‑ае.
Які лёгка верыць у шчырасць, праўдзівасць каго‑, чаго‑н., схільны аказваць давер’е. Ліда сустрэла настаўніка, паздароўкалася, абняла яго руку, прытулілася да яе, як даверлівае дзіця. Колас. // Які выражае давер’е. Даверлівы тон. □ Дзед прысеў каля ўнукаў, паглядзеў у іх даверлівыя вочы, пацалаваў абаіх. Пестрак. // Заснаваны на давер’і. Даверлівыя адносіны паміж людзьмі.
даве́рнік, ‑а, м.
Той, хто выдаў каму‑н. даручэнне (у 2 знач.).