Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дабраво́льніцкі, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і добраахвотніцкі.

дабраво́льны, ‑ая, ‑ае.

Які выконваецца па добрай волі, без прымусу; добраахвотны. Дабравольны ўзнос. Дабравольны пачын. // Заснаваны на прынцыпах узаемнай згоды. Дабравольнае аб’яднанне народаў.

дабрадзе́й, ‑я, м.

1. Той, хто чыніць дабро, аказвае дапамогу, паслугу каму‑н.; дабрачынец. — Прыходзьце, даражэнькія мае, часцей: вы толькі і засталіся нашымі сябрамі-дабрадзеямі. Гартны. На словах дабрадзей, а на справе ліхадзей. З нар.

2. Разм. Форма сяброўскага звароту да каго‑н., часам з адценнем іроніі, злараднасці. — Памыляешся, дабрадзей, мне пайшоў ужо дваццаць другі год. Машара.

дабрадзе́йка, ‑і, ДМ ‑дзейцы; Р мн. ‑дзеек; ж.

Жан. да дабрадзей.

дабрадзе́йнасць, ‑і, ж.

Маральныя якасці, учынкі дабрадзея (у 1 знач.); дабрачыннасць.

дабрадзе́йны, ‑ая, ‑ае.

Які характарызуецца дабрадзейнасцю; дабрачынны. Дабрадзейная жанчына. Дабрадзейны ўчынак.

дабрадзе́йства, ‑а, н.

Добрая справа, паслуга.

дабрадзі́ць, ‑бродзіць; зак.

Кончыць брадзіць, зрабіцца гатовым у выніку браджэння (пра піва, віно).

дабраду́шнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дабрадушнага; сардэчнасць. Мацярынская дабрадушнасць.

дабраду́шны, ‑ая, ‑ае.

Добры, лагодны, прыхільны да людзей. Дабрадушны чалавек. // Які выражае дабрадушнасць. Дабрадушная ўсмешка. Дабрадушны твар.