Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сіплава́ты, ‑ая, ‑ае.

Крыху сіплы. Знаёмы сіплаваты голас Адзярыхі пачуўся недзе з боку. Пянкрат.

сі́плы, ‑ая, ‑ае.

Прыглушана-хрыплы, з лёгкім сіпеннем і прысвістваннем (пра голас, гукі чаго‑н.). Праводзячы нас, Эдуард Людвігавіч сіплым голасам сказаў на развітанне: — Хворы я, стары! Хведаровіч. Канцы яе [вароны] крыл[аў] свіціліся, як канцы сцёртага веніка, і пры ўзмахах іх даносіўся сіплы свіст паветра. Карпюк. Нізкі, сіплы гудок цеплавоза скалануў паветра. Радкевіч.

сі́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. сіл, ‑ла; незак.

Рабіцца сіплым; пачынаць сіпець. Голас сіпне.

сіпу́ха, ‑і, ДМ ‑пусе, ж.

Птушка атрада соў са светлым апярэннем.

сірата́, ы́, ДМ ‑раце́; мн. сіро́ты (з ліч. 2, 3, 4 сіраты́), ‑ро́т; м. і ж.

Дзіця або падлетак, які застаўся без аднаго або без абодвух бацькоў. [Вучні:] — Сірата ён [Пеця]. Няма ні бацькі, ні маткі. Ракітны. [Казік] застаўся сіратою ад чатырох год. Чарнышэвіч. [Хлопцы:] — Ён Зосін, а прозвішча іхняе Малец. У яго толькі маці, ён сірата. Брыль. Рос я круглым сіратою. Колас. Сямі гадоў асталася Настулька круглаю сіратою. Цётка. // Чалавек без родных, блізкіх; адзінокі чалавек. [Юзік:] — Жанчыны нашы сіротамі застануцца. Хто цяпер цябе тут заменіць? Крапіва. Крыху адышоўшыся, ціха [стары Казімір] дадаў: — Але не забудзь і таго, што ты мой сапраўдны сын і што без цябе я застануся сіратою... Пестрак. / у паэт. ужыв. Спее адзінокі Колас сіратой. Колас.

•••

Казанская сірата — пра чалавека, які прыкідваецца няшчасным, каб разжаліць каго‑н. [Мікола:] — Яму [Васілю] далягляды адкрываюць, а ён прыкідваецца казанскай сіратой. Васілёнак.

сіратлі́ва,

1. Прысл. да сіратлівы.

2. безас. у знач. вык. Пра пачуццё, стан адзіноты, пакінутасці. А што запомнілася асабліва? — Было няўтульна і сіратліва. Вярцінскі. [Зарына:] Сіратліва ў маёй старане... Бачыла.

сіратлі́васць, ‑і, ж.

Стан сіратлівага. Пачуццё сіратлівасці.

сіратлі́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, як у сіраты. Сіратлівы выгляд. // Які праходзіць у адзіноце. Сіратлівая старасць. // Поўны пачуцця пакінутасці, адзіноты. Над лугам загаласіла — той самай жніўнаю песняй — жалейка. Сіратлівая, сумная песня!.. Брыль. Не было каму сагрэць яго сіратлівае сэрца. Валасевіч.

2. перан. Які знаходзіцца асобна ад іншых; адзінокі. Далёка сіратлівыя Мігаюць аганькі. Танк. Увосень.. разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік. Чорны. // Сумны, маркотны, бязрадасны. Як толькі больш прыкметна адчувалася дыханне восені, з дуба з нейкім сіратлівым, ледзь чутным шорахам зляталі адзін за другім лісты. Даніленка. Мой родны, сіратлівы дом — Бязлісты вяз з пустым гняздом, Але ўжо ловіць прагны слых Ваш лет, далёкія буслы. Вітка. Поле ляжала сумнае, сіратлівае. Новікаў.

сіраце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца сіратой, траціць сваіх бацькоў; быць сіратой. І вось — Алеся сірацее. Таўбін.

2. перан. Жыць гаротна, цяжка, быць пазбаўленым сувязі з блізкімі. Самі вы [партызаны] гаротна сірацелі, Каб зямля не ведала сіроцтва. Лось. // Пусцець, трацячы каго‑, што‑н. Сірацее хата без гаспадара. // Быць у адзіноце, мець самотны выгляд. Восень брала сваё. За акном сірацеў маладзенькі клён. Гаўрылкін. Нарэшце Лявон дайшоў да хмызняку, за якім разбягаўся папар, шарэла бязлюдная шаша і сірацеў адзінокі грузавік. Хадановіч. Кволасць і знямога .. адчуваліся ва ўсім: у слабым зіхаценні ўжо халаднаватага марыва, у самотным іржышчы, што млява сірацела на сонцы. Б. Стральцоў.

сіраці́на, ‑ы, м. і ж.

Разм. Тое, што і сірата. Адзін ён цяпер, сіраціна: Ні маткі няма, ні сястры. Колас. [Волька] праніклася жалем да сяброўкі, да яе цяжкага лёсу сіраціны... Ваданосаў. / у перан. ужыв. А пад шчытам на павуціне Нішчымны колас-сіраціна Ў зацішку лёгенька гайдаўся. Колас.