сірата́, ‑ы́, ДМ ‑раце́; мн. сіро́ты (з ліч. 2, 3, 4 сіраты́), ‑ро́т; м. і ж.
Дзіця або падлетак, які застаўся без аднаго або без абодвух бацькоў. [Вучні:] — Сірата ён [Пеця]. Няма ні бацькі, ні маткі. Ракітны. [Казік] застаўся сіратою ад чатырох год. Чарнышэвіч. [Хлопцы:] — Ён Зосін, а прозвішча іхняе Малец. У яго толькі маці, ён сірата. Брыль. Рос я круглым сіратою. Колас. Сямі гадоў асталася Настулька круглаю сіратою. Цётка. // Чалавек без родных, блізкіх; адзінокі чалавек. [Юзік:] — Жанчыны нашы сіротамі застануцца. Хто цяпер цябе тут заменіць? Крапіва. Крыху адышоўшыся, ціха [стары Казімір] дадаў: — Але не забудзь і таго, што ты мой сапраўдны сын і што без цябе я застануся сіратою... Пестрак. / у паэт. ужыв. Спее адзінокі Колас сіратой. Колас.
•••
Казанская сірата — пра чалавека, які прыкідваецца няшчасным, каб разжаліць каго‑н. [Мікола:] — Яму [Васілю] далягляды адкрываюць, а ён прыкідваецца казанскай сіратой. Васілёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)