Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лі́чнік, ‑а, м.

У матэматыцы — лік простага дробу, які стаіць над рысай (абазначае лік долей, з якіх складаецца дроб); проціл. назоўнік. У дробе 2/5 лічнік 2, а назоўнік 5.

лічы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Вершык з лічэннем у дзіцячай гульні.

лічы́льнік, ‑а, м.

Апарат для аўтаматычнага ўліку, падліку чаго‑н. Газавы лічыльнік. Лічыльнік электрычнай энергіі. Лічыльнік таксі.

лічы́льнікі, ‑аў; адз. няма.

Прылада ў выглядзе чатырохвугольнай рамы з нанізанымі на папярочныя металічныя пруткі рухомымі костачкамі, якая служыць для арыфметычных падлікаў. Канторскія лічыльнікі.

лічы́льны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для лічэння, падліку, вылічэння. Лічыльная лінейка. Лічыльныя машыны.

лічы́льшчык, ‑а, м.

Той, хто робіць падлік каго‑, чаго‑н. Лічыльшчыкі па перапісу насельніцтва.

лічы́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да лічыльшчык.

лічы́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Стадыя развіцця некаторых жывёльных арганізмаў (чарвякоў, насякомых, рыб і пад.), калі арганізм ужо вызваліўся ад зародкавых абалонак і вядзе самастойнае жыццё, але адрозніваецца па віду і будове ад канчаткова сфарміраванай жывёліны; жывёльны арганізм на гэтай стадыі.

лічы́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Спец. Частка затвора вінтоўкі, якая замыкае канал ствала.

лічы́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лічынкі ​1. Лічынкавая стадыя развіцця.

лічы́цца, лічуся, лічышся, лічыцца; незак.

1. Расцэньвацца якім‑н. чынам, успрымацца як‑н. Дывінец лічыўся лепшым брыгадзірам маладзёжнай брыгады. Асіпенка. [Іван Сямёнавіч:] — Спрадвеку дняпроўскія парогі лічыліся ў народзе праклятым месцам. Курто. // Быць вядомым у якасці каго‑н. [Пракоп] лічыўся самым выдатным палітыкам у «Светлым дні». Васілевіч. // безас. з дадан. сказам. Маецца думка, меркаванне. Доўгі час лічылася, што вёска Кушляны былога Ашмянскага павета — радзіма беларускага паэта [Багушэвіча]. С. Александровіч.

2. з чым. Браць пад увагу, улічваць што‑н. [Пілацееў:] — Толькі мы, Міхаіл Палікарпавіч, з магчымасцямі лічыліся, а вы не хочаце лічыцца. Галавач. // з кім-чым. Адносіцца з увагай, павагай да каго‑, чаго‑н. Дзецям спадабалася, што гэты дарослы чужы чалавек лічыцца з іх думкамі. Колас.

3. чым і без дап. Весці ўзаемны ўлік (паслуг, пазык, прэтэнзій і пад.). [Надзя:] — Ды кіньце вы, урэшце, нібы мы не свае людзі ці што, каб кавалкам хлеба лічыцца ды ў такі яшчэ час. Лынькоў. — Возьмеш у мяне, колькі трэба: мяшок, два, тры — хто з гэтым будзе лічыцца. Пальчэўскі.

4. Знаходзіцца, быць на ўліку дзе‑н. Лічыцца ў спісе выбраных. □ Невялічкі кавалерыйскі атрад [Жаўны] лічыўся ў іх раёне, але дзейнічаў увесь час самастойна. Шамякін.

5. Разм. Размяркоўваць паміж сабой ролі ў гульні, карыстаючыся лічылкай. Лічыцца перад гульнёй.

6. Зал. да лічыць (у 3, 4 і 6 знач.).