лічыцца, лічуся, лічышся, лічыцца; незак.

1. Расцэньвацца якім‑н. чынам, успрымацца як‑н. Дывінец лічыўся лепшым брыгадзірам маладзёжнай брыгады. Асіпенка. [Іван Сямёнавіч:] — Спрадвеку дняпроўскія парогі лічыліся ў народзе праклятым месцам. Курто. // Быць вядомым у якасці каго‑н. [Пракоп] лічыўся самым выдатным палітыкам у «Светлым дні». Васілевіч. // безас. з дадан. сказам. Маецца думка, меркаванне. Доўгі час лічылася, што вёска Кушляны былога Ашмянскага павета — радзіма беларускага паэта [Багушэвіча]. С. Александровіч.

2. з чым. Браць пад увагу, улічваць што‑н. [Пілацееў:] — Толькі мы, Міхаіл Палікарпавіч, з магчымасцямі лічыліся, а вы не хочаце лічыцца. Галавач. // з кім-чым. Адносіцца з увагай, павагай да каго‑, чаго‑н. Дзецям спадабалася, што гэты дарослы чужы чалавек лічыцца з іх думкамі. Колас.

3. чым і без дап. Весці ўзаемны ўлік (паслуг, пазык, прэтэнзій і пад.). [Надзя:] — Ды кіньце вы, урэшце, нібы мы не свае людзі ці што, каб кавалкам хлеба лічыцца ды ў такі яшчэ час. Лынькоў. — Возьмеш у мяне, колькі трэба: мяшок, два, тры — хто з гэтым будзе лічыцца. Пальчэўскі.

4. Знаходзіцца, быць на ўліку дзе‑н. Лічыцца ў спісе выбраных. ▪ Невялічкі кавалерыйскі атрад [Жаўны] лічыўся ў іх раёне, але дзейнічаў увесь час самастойна. Шамякін.

5. Разм. Размяркоўваць паміж сабой ролі ў гульні, карыстаючыся лічылкай. Лічыцца перад гульнёй.

6. Зал. да лічыць (у 3, 4 і 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)