дадо́йвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да дадаіцца.
2. Зал. да дадойваць.
дадо́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дадаіць.
дадо́лу, прысл.
На зямлю, далоў. Спатыкнецца конь — і паляціць ардынарац дадолу, калі ён мала звыкся з сядлом. Кулакоўскі. // Да зямлі, уніз. Трава пажоўклая схілілася дадолу. Глебка.
дадо́му, прысл.
У свой дом, у сваю хату, кватэру; дамоў. Дзяўчынка з маёвага лесу Пад поўдзень дадому прыйшла, Бярэма сінюткіх пралесак З дзялянкі лясной прынясла. Калачынскі. — А цяпер, садоўнікі, .. дадому, абедаць! — камандуе дзед Мірон. Даніленка. // На радзіму, у родныя мясціны. Прыехаць дадому на пабыўку. □ Са зваротам дадому Прывіталі суседзі. Броўка. // У свой двор, у гаспадарку. — Усялякі каменьчык з поля добры гаспадар цягне дадому, каб даць яму лад. Чорны. Хлопцы прыпынілі статак. Гнаць дадому было яшчэ рана. Колас.
дадра́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад дадраць.
дадра́цца, ‑дзярэцца; зак.
Разм. Канчаткова падрацца, знасіцца (пра адзенне, абутак і пад.).
дадра́ць, ‑дзяру, ‑дзярэш, ‑дзярэ; ‑дзяром, ‑дзераце; зак., што.
Разм.
1. Скончыць драць (у 1–6 знач.). Дадраць паперы.
2. і чаго. Надраць дадаткова. Дадраць моху. Дадраць бульбы.
3. Разм. Канчаткова надраць, знасіць (адзенне, абутак і пад.). Дадраць боты.
дадрукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
1. Надрукаваць да канца ці да якога‑н. месца. Дадрукаваць падручнік. Дадрукаваць старонку да палавіны.
2. Надрукаваць дадаткова. Дадрукаваць яшчэ сто экземпляраў.
дадруко́ўванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. дадрукоўваць — дадрукаваць.
дадруко́ўвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да дадрукоўваць.