вы́стачыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што, чаго і без дап.
Тое, што і выстарчыць (у 1 знач.).
вы́стаяцца, ‑стаіцца; зак.
1. Адпачыць, набрацца сілы (пра коней). [Бацька:] — [Конь] у мяне за зіму выстаіцца і на вясну як-небудзь будзе рабіць. Чорны.
2. Набыць пэўныя якасці (мацунак, пах і пад.) у выніку працяглага стаяння. Выстаялася наліўка.
вы́стаяць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак.
1. Прастаяць які‑н. час. Выстаяць на нагах цэлую змену.
2. перан. Не паддацца, вытрымаць, устаяць. Выстаяць у барацьбе. □ Купчасты дуб, які шмат чаго бачыў на сваім вяку, выстаяў не адну буру. Гурскі. [Міхаліна:] — Нарэшце, падумала я, трэба прайсці праз усе выпрабаванні — нагаворы, ўгаворы, пагрозы, праклёны... і выстаяць! Шамякін.
•••
Выстаяць чаргу — дачакацца, стоячы ў чарзе.
высто́йванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. выстойваць — выстаяць (у 1 знач.).
высто́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да выстаяць.
вы́страены 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выстраіць 1.
вы́страены 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад выстраіць 2.
вы́страіцца 1, ‑страюся, ‑страішся, ‑страіцца; зак.
Стаць строем. Выстраіцца ў адну шарэнгу. Выстраіцца калонай. □ На вялікай паляне.. паатрадна выстраілася ўся брыгада. Шамякін. // Размясціцца ў пэўным напрамку. Каля касы выстраілася чарга. □ Густым ланцугом выстраіліся прахожыя ўсцяж тратуараў, сочачы за кавалергардамі. Гартны.
вы́страіцца 2, ‑страюся, ‑страішся, ‑страіцца; зак.
Разм. Адзецца па-святочнаму; прыбрацца. [Алаіза] выстраілася, як-ніяк ішла на баль. Арабей. Анютка выстраілася ўжо ў новую сукенку.., завязала чырвоную хустку-тараноўку. Васілевіч.
вы́страіць 1, ‑страю, ‑страіш, ‑страіць; зак.
1. каго-што. Паставіць строем. Выстраіць полк. □ Дайшоўшы да размяшчэння часці, Ягораў загадаў выстраіць батальён, маўкліва прайшоў паўз строй. Краўчанка. // Размясціць у пэўным парадку. Выстраіць чаргу.
2. што. Разм. Пабудаваць, выбудаваць. [Гусляр:] — Хорам выстраіў ты свайму воку так міл. Купала.
вы́страіць 2, ‑страю, ‑страіш, ‑страіць; зак., каго.
Разм. Адзець па-святочнаму; убраць.